У Мірскім замку зрабілі «прэзідэнцкі люкс»


Апроч таго, пабудавалі рэстарацыю і канферэнц-залу.

У будаўніцтва ўклала грошы ТАА «Трайпл», што належыць Юрыю Чыжу, вядомаму як адзін з самых багатых людзей Беларусі і паплечнік Аляксандра Лукашэнкі: па ўсёй краіне менавіта ягоная кампанія атрымлівае тэндары на паспяховыя праекты на льготных умовах.

Вядома, што гасцініца ў замку складаецца з 35 нумароў, у тым ліку «прэзідэнцкага люксу» і двухузроўневых апартаментаў. Рэстарацыя разам з барам размясцілася ў сутарэнні і можа прыняць 60 чалавек. Кансультантам выступіў Дзмітрый Бубноўскі, які кіраваў рэканструкцыяй усяго замкавага комплексу.

Паводле Бубноўскага, у працэсе стварэння праектнай дакументацыі яны сутыкнуліся з праблемаю – у якім стылі афармляць пакоі. Асноўная частка планіроўкі ў свой час была сфармаваная на манер расейскага мадэрну пачатку XX ст. Спачатку адмыслоўцы вырашылі выканаць інтэр’еры нумароў менавіта ў такім стылі. Потым падумалі, што гэта не зусім правільна: падчас рэстаўрацыі замку яны імкнуліся стылістычна падкрэсліць напластаванні розных эпохаў.

«Пры гэтым у планіроўцы сучаснага нумару некаторыя новаўвядзенні ёсць непазбежнымі – напрыклад, падзел на спальную зону і гасціную, наяўнасць ваннага пакою і санвузла. Да таго ж даволі складана ўявіць сабе ванную, дэкараваную ў гатычным стылі. Тады мы падумалі, што не трэба ствараць падробку там, дзе ёсць арыгінал. У выніку асноўны ўпор дызайнеры зрабілі на той перыяд, у які галоўным чынам стваралася планіроўка – даваенны час, пачатак XX стагоддзя. Але гэта не капіяванне, а менавіта «рэверанс» таму часу. Дызайнерскае рашэнне тут больш аўтарскае», – растлумачыў навуковы кіраўнік.

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч мяркуе, што стварэнне такога гатэлю мусіць пазітыўна адбіцца на іміджы замку. «Мірскі замак сапраўды вялікі, таму стварыць у ім цалкам музей, напэўна, не ўяўляецца магчымым: наўрад ці хопіць вартых экспанатаў, – лічыць эксперт. – Іншая рэч, як будзе пастаўленае пытанне з уваходам на гэтыя тэрыторыі. Бо хутчэй за ўсё, атрымаецца, што звычайныя наведнікі на тэрыторыю гатэлю прайсці не змогуць, хоць гэта агульная частка замку, агульная спадчына беларусаў. Я прытрымліваюся думкі, што платным тут можа быць толькі ўваход у музейную частку замку, усе астатнія тэрыторыі мусяць быць вольнымі для агляду».

Першых гасцей замак будзе гатовы прыняць ужо ў ліпені. Аднак адміністрацыя пакуль не паведамляе, якім будзе кошт нумароў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары