“Гавары праўду” спрабуе легалізавацца


На ўстаноўчым з’ездзе даследча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Гавары праўду!” кіраўніком адзінагалосна абралі Уладзіміра Някляева.

З’езд адбыўся 18 чэрвеня ў Менску. У ім удзельнічалі 56 дэлегатаў з усёй Беларусі. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва заявіў, што грамадскае аб’яднанне “Гавары праўду”” будзе займацца тым жа, чым займалася аднайменная кампанія.

“Асноўны кірунак нашай працы – гэта сацыяльныя праблемы, – паведаміў ён. – Мы як былі разам з людзьмі, так і будзем разам з імі, дапамагаючы ім вырашаць канкрэтныя праблемы. Праз гэта, праз размову з людзьмі, праблемы, якія хвалююць іх штодзённа, мы будзем выходзіць на больш агульныя пытанні, пытанні нашага грамадска-палітычнага жыцця”.

Актывісты аб’яднання будуць праводзіць тлумачальную працу, “каб у людзей звязаліся ў адно цэлае палітыка і эканоміка, – адзначыў Някляеў. – Мы хочам, каб людзі зразумелі: усе мы залежым не толькі ад тых рашэнняў, якія прымаюць кіраўніцтва дзяржавы, мясцовыя і рэспубліканскія начальнікі, але і адзін ад аднаго, ад таго, якую пазіцыю займае сам чалавек”, – падкрэсліў ён.

Гэта ўжо другая спроба легалізацыі кампаніі “Гавары праўду!”. Першая, зробленая летась у лістападзе, была беспаспяховаю – Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі на той падставе, што заснавальнікі не падалі дадатковых запытаных матэрыялаў. Матэрыялаў сапраўды не падалі, бо на той момант дакументы былі апячатаным пасля падзеяў 19 снежня офісе кампаніі “Гавары праўду!”.

“Вялікіх шансаў на тое, што нас зарэгіструюць, няма. Але я б не хацеў, каб мы працавалі без рэгістрацыі. У любым выпадку, пакуль мы спрабуем зарэгістравацца – мы дзеем легальна”, – адзначыў Някляеў перад пачаткам працы з’езду.

belsat.eu
https://youtu.be/XIvHVKpeZxo

Глядзі таксама
Каментары