«Бітва за ўраджай» пад пагрозаю


На паліва для сельскагаспадарчых працаў улетку і на пачатку восені Мінсельгасхарчу не хапае 670 млрд руб., паведаміў журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі ды харчавання Леанід Марыніч.

“На закуп паліва для правядзення сельгаспрацаў на перыяд чэрвень – верасень нам неабходна 2,2 трлн. руб. Распрацавалі схему фінансавання і вызначылі крыніцы паступлення сродкаў – гэта ўласныя сродкі прадпрыемстваў, крэдытныя рэсурсы. Але пакуль для правядзення ўборачнай кампаніі гаспадаркам не хапае 670 млрд руб.”, – паведаміў Марыніч.

Паводле ягоных словаў, гэтае пытанне разглядаецца з урадам. “Прапанова Мінсельгасхарчу аб фінансаванні закупаў аб’ёму паліва, якога бракуе, была падтрыманая ўрадам. Плануецца, што ўсё вырашыцца за тры дні”, – адзначыў намеснік міністра.

Ёсць праблемы і з імпартнымі запчасткамі. “У нас выкарыстоўваецца прыкладна тысяча адзінак імпартнай тэхнікі. Аднак нашыя партнёры паднялі цэны на запчасткі больш як на 200 %, для нас гэта вялізныя выдаткі”, – падкрэсліў Марыніч.

Ён удакладніў, што гэтае пытанне вырашаецца супольна з Міністэрствам прамысловасці.

Увогуле, паводле словаў чыноўніка, да ўборкі зерневых камбайны гатовыя на 85 %. З 1379 зернеўборачных камбайнаў 1202 ужо пастаўленыя ў дылерскія цэнтры.

“Цяпер выдаецца тэхніка сельгасарганізацыям. Як запэўніла Міністэрства прамысловасці, усе камбайны будуць атрыманыя сельгасарганізацыямі своечасова”, – канстатаваў Марыніч.

Паводле намесніка міністра, паспяхова вырашаецца і кадравае пытанне: у прыватнасці, для правядзення ўборачнай трэба прыцягнуць 4700 механізатараў і 3000 аператараў зернесушыльных комплексаў.

Да 1 жніўня маюць запрацаваць 112 зернесушыльных комплексаў. “Гэтае заданне будзе выкананае. Разам з тым, выклікае непакой будаўніцтва комплексаў у Віцебскай і Гомельскай абласцях”, – адзначыў Марыніч. Ён падкрэсліў, што ўрад даручыў развязаць гэтую праблему.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары