Ала Саннікава: Андрэй не зломлены


“Ён не зломлены. Андрэй упэўнены ў сабе і пэўны, што невінаваты. Ён верыць, што праўда і справядлівасць маюць перамагчы. Мне гэта таксама дае сілы і веру”, – заявіла маці Андрэя Саннікава ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Цяпер Андрэя Саннікава трымаюць у ізалятары. Ён па-ранейшаму не пагаджаецца ні з выракам, ні з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Неўзабаве яго маюць накіраваць на адбыванне тэрміну ў наваполацкую калонію, славутую кепскімі ўмовамі для жыцця, што абумоўлена высокаю канцэнтрацыяй аб’ектаў хімічнай прамысловасці ў рэгіёне. “Я лічу, што гэта форма прэсінгу на яго. Асабліва пасля ягонай нязгоды з тым рашэннем, што вынес суд, і заяваю, якую ён даслаў з вязніцы”, – заявіла Ала Саннікава.

На ўмовы ўтрымання палітык не скардзіцца. “Ён сказаў, што ў параўнанні з тым, што ён перанёс у КДБ, тут умовы нармальныя, калі гэтак можна сказаць пра турму. Нармальныя людзі, нармальная камера. Горача, вядома. Ён вельмі хвалюецца за сваю сям’ю. Але час паказаў, што ён моцны і ўсё вытрымае. І я магу толькі ганарыцца сваім сынам”, – дадала Ала Саннікава.

belsat.eu

https://youtu.be/tRcsQ4H3Jx0

Глядзі таксама
Каментары