Павал Усаў: Беларусь стала прывабнаю для Літвы праз канфлікт з Расеяй


Паводле палітолага Паўла Усава, нядаўні візіт прэзідэнта Літвы ў Беларусь можа сведчыць пра тое, што Еўразвяз гатовы прызнаць выбары ў нашай краіне незалежна ад іх выніку.

Афіцыйнаю мэтаю прыезду прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце ў Менск стала падпісанне пагаднення аб памежным руху, якое спрашчае ўмовы для перасячэння мяжы жыхарам 50-кіламетровай памежнай зоны ў абедзвюх краінах.

Грыбаўскайце згадала і пра пытанні энергетычнай бяспекі. Увагу на сябе звяртае і той факт, што напярэдадні візіту Грыбаўскайце прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс наведаў беларускую сталіцу, каб абмеркаваць транспартаванне нафты морам, у тым ліку праз літоўскі порт.

Тым часам Міністэрства энергетыкі Расеі заявіла, што без яго згоды Украіна не мае права выкарыстоўваць нафтаправод “Адэса–Броды” для перапампоўвання венесуэльскай нафты ў Беларусь. Таму не выключана, што “чорнае золата” накіруецца ў нашу краіну менавіта праз Клайпеду.

Аднак палітолаг Павал Усаў мяркуе, што прычыны візіту Далі Грыбаўскайце найперш палітычныя: “Эканамічныя пытанні можна было б вырашаць на ўзроўні міністэрстваў”. І хоць транзіт нафты з Венесуэлы ёсць для Літвы важнаю крыніцаю прыбытку і магчымасцю быць самастойным гульцом на постсавецкай прасторы, тут яна дзее перадусім у інтарэсах Еўразвязу.

ЕЗ зацікаўлены ўцягнуць Беларусь у сферу сваіх інтарэсаў. Таму эксперт не выключае, што Еўрапейскі Звяз можа пайсці і на тое, каб прызнаць вынікі выбараў, нават калі яны не будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам.

belsat.eu
https://youtu.be/7UwmzJHiNMA

Глядзі таксама
Каментары