Новая небяспека: бабовыя


Знайшлі ферму, адкуль, на меркаванне навукоўцаў, распаўсюдзіўся штам бактэрыі Escherichia coli.

Цяпер жыхарам Нямеччыны апрача гуркоў, памідораў і салаты раяць не есці бабовых. Апошнія вырошчваліся на ферме, што, як цяпер мяркуюць даследчыкі, стала крыніцаю распаўсюду смяротнай бактэрыі. Ферма месціцца побач з нямецкім горадам Бінэнбютэль, 70 км на поўдзень ад Гамбургу.

Міністр сельскай гаспадаркі Ніжняй Саксоніі Герт Ліндэман на канферэнцыі ў нядзелю 5 чэрвеня паведаміў, што следчыя знайшлі рэдкі высокатаксічны від бактэрыі на ферме ў раёне Ільцэн, там вырошчвалі бабовыя. Паводле яго, ферму закрылі, а яе прадукцыю адклікалі.

Цяпер чакаюцца вынікі аналізаў. Міністр адзначыў, што існуе наўпроставая сувязь паміж гароднінаю з фермы і харчамі, якія з’елі некаторыя ахвяры смяротнай бактэрыі, і параіў жыхарам паўночнай Нямеччыны адмовіцца ад усіх тыпаў бабовых. Ён таксама падкрэсліў, што не толькі бабовыя парасткі, але і парасткі люцэрны, капусты, радыскі ды руколы могуць быць звязаныя з эпідэміяй кішачнай інфекцыі, якая ўжо стала прычынаю смерці 21 немца і аднаго шведа.

Вырабы з фермы дастаўлялі ў рэстарацыі пяці зямель: Гамбург, Шлезвіг-Гольштайн, Мэкленбург – Пярэдняя Памэранія, Гэсэн і Ніжняя Саксонія. Тым не менш, улады краіны не ўпэўненыя, што менавіта гэтая ферма стала крыніцаю распаўсюду бактэрыі.

Нагадаем, выбух кішачнай інфекцыі ў Нямеччыны выкліканы бактэрыяй Escherichia coli, якая прыліпае да кішачнай сценкі, дзе вылучае таксіны, што часам выклікае моцную крывяную дыярэю і праблемы з ныркамі.

Раней меркавалася, што крыніцаю распаўсюду бактэрыі ў Еўропе сталі іспанскія агуркі. Фермеры ў Іспаніі паведамілі, што іхныя страты склалі 200 млн еўраў на тыдзень, а ўлады маюць намер патрабаваць кампенсацыі – крызіс мог пазбавіць працы больш за 70 000 жыхароў краіны, якая і без таго мае надзвычай высокі ўзровень беспрацоўя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары