«Белсат» не ідзе на вакацыі


Тэлеканал падрыхтаваў для сваіх гледачоў новую сетку трансляцыі – ад пачатку чэрвеня да канца жніўня.

Першы незалежны тэлеканал улетку па-ранейшаму распачынае праграму а 7:00 і заканчвае каля 24:00. Штодня «Белсат» будзе здабываць свежыя навіны, сачыць за эканамічнаю і палітычнаю сітуацыяй у Беларусі ды вакол яе. Актуальныя выданні інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў» глядзіце а 12:00, 17:00 і 19:30. Галоўнае выданне «Аб’ектыву», як заўсёды, а 21:00. У нядзелю – «Тыдзень у «Аб’ектыве» ў абноўленым фармаце. Публіцыстычныя праграмы тэлеканалу глядзіце пасля галоўнага «Аб’ектыву».

Падчас вакацыяў гледачам «Белсату» не давядзецца сумаваць. Акрамя інфармацыі ды публіцыстыкі вы пабачыце новыя мастацкія і дакументальныя фільмы, серыялы, краязнаўчыя праграмы, а самыя маленькія гледачы – мультфільмы.

Штотыднёвы агляд беларускіх газетаў «Прэс-экспрэс» таксама транслюецца да канца чэрвеня, але праграма зменіць сваё месца, і ад 6 чэрвеня пачне выходзіць у панядзелкі пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21:20.

Да канца чэрвеня запрашаем глядзець актуальныя выданні эканамічных праграмаў «Асабісты капітал» і «Сальда» – кожны аўторак пасля «Аб’ектыву» а 21:20.

Прэм’еры новых серыяў сатырычных праграмаў «Белсату» – таксама ў чэрвеньскім эфіры. «Вагон» Віктара Шалкевіча штонядзелю а 19:20, а «Эксперт» – у той жа дзень а 21:30. У ліпені ды жніўні аўтары «Эксперту» падрыхтуюць інтэрв’ю з вядомымі палітыкамі, журналістамі ды эканамістамі, якія ацэняць актуальную сітуацыю ў краіне. Пасля размовы з госцем – традыцыйная для праграмы сатырычная песенька.

Тэлечасопісы «Беларусы ў Польшчы» (пра жыццё нашых падляшскіх суродзічаў) і «Над Нёмнам» (пра палякаў у Беларусі) глядзіце на працягу ўсяго лета – як і раней, у чацвяргі пасля «Аб’ектыву».

«Паляванне на дзівосы» пакажа захапляльныя сваёй гісторыяй і насельнікамі куточкі Беларусі. У чэрвені – найлепшыя серыі папярэдняга сезону падарожжаў па нашай краіне, глядзіце кожны аўторак перад «Аб’ектывам» а 20:40. Ад ліпеня запрашаем на новыя серыі «Паляванняў» штоаўторак а 21:20.

Кожную сераду ў той жа час у цыкле «Побач з намі» мы пакажам самыя цікавыя і вострыя рэпартажы, якія вы маглі пабачыць летась.

У той жа дзень, пасля цыклу «Побач з намі», глядзіце тэлесерыялы і мастацкія фільмы. Пасля цыклу мастацкіх фільмаў Кшыштафа Кесьлёўскага «Дэкалог» на «Белсаце» 6-серыйны серыял «Quo vadis», падзеі якога адбываюцца ў 60-я гады нашай эры. Рымская імперыя разлягаецца ад Паўночнай Афрыкі праз краіны Міжземнамор’я ажно да Брытаніі. У Рыме пануе жорсткі ды разбэшчаны імператар Нэрон. Гэтую экранізацыю раману нобелеўскага лаўрэата Гэнрыка Сянкевіча. «Quo vadis» беларускія гледачы змогуць пабачыць упершыню, як і 13-серыйныя «Прыгоды Пана Міхала», знятыя паводле «Пана Валадыёўскага» таго ж Гэнрыка Сянкевіча. Падзеі серыялу адбываюцца на ўсходніх межах Рэчы Паспалітай у другой палове XVII стагоддзя.

Летам штонядзелю а 19:00 мы працягнем трансляцыю новых серыяў падарожжаў Войцеха Цэйроўскага «Басанож па свеце», якія ўзнагародзілі залатым медалём «The New York Festivals 2008» за найлепшую краязнаўчую праграму. У суботы, як і год таму, глядзіце новыя серыі «Кулінарных падарожжаў Робэрта Макловіча».

У эфіры па-ранейшаму новыя серыі праграмаў, прэзентаваных тэлеканалам «Deutsche Welle». Што новага на старым кантыненце – вам пакажа «Еўропа сёння», навука і тэхніка – у папулярным «Праекце будучыня», часопіс для аўтааматараў «На колах» і культурны «Euromaxx», усе на сваіх сталых месцах ад аўторка да пятніцы каля 20:00.

Кожную пятніцу пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» а 21:20 вас чакае працяг прэм’ерных серыяў дакументальных цыклаў «Рэвалюцыі» і новы цыкл «Палітычныя замахі».

Аматарам мастацкага кіно прапаноўваем «Фільматэку майстроў». «Белсат» у суботу і нядзелю ўвечары пакажа выдатныя кінастужкі. Серыялы для дарослых – дэтэктывы, камедыі ды меладрамы застануцца на сваіх месцах.

Мультфільмы для дзяцей, моладзевыя фільмы і серыялы застаюцца ў праграме ў звыклы для нашых гледачоў час. Для самых малых на працягу ўсяго тыдня а 19:35 – разнастайныя мультфільмы на любы густ. У выходныя – новыя мультсерыялы. Вашыя дзеці могуць вывучаць англійскую мову разам з «Белсатам» а 19:45 у праграме «Ліпі і Мэсі».

У блоках паміж 8:30 і 11:00, а таксама паміж 14:00 і 16:00 мы нагадаем найлепшыя дакументальныя фільмы, знятыя для «Белсату» беларускімі аўтарамі. Улетку пакажам тры новыя дакументальныя фільмы з цыклу «Невядомая Беларусь», якія ліквідуюць чарговыя белыя плямы нашай гісторыі ды пакажуць сучасную Беларусь без рэтушы ідэалогіі.

На прэм’ерныя выданні праграмаў «Госць «Белсату», «Два на два», «Форум», «Прыватная калекцыя», «Рэмарка», «ПраСвет», «Рэпартэр», «Гісторыя пад знакам Пагоні», «Асабісты капітал» і «Сальда», «Моўнік» і «Маю права» запрашаем ад 5 верасня, калі пачнецца новы восеньскі сезон на «Белсаце».

Праграмы «Белсату» можна глядзець праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius»). Большасць праграмаў тэлеканалу, а таксама дакументальныя фільмы, можна паглядзець і спампаваць на сайце http://www.belsat.eu/. Там жа вы заўсёды знойдзеце свежыя навіны, актуальныя каментары і эксклюзіўнае відэа, якога не пакажа аніводзін іншы тэлеканал.

Заставайцеся з «Белсатам» і на летнія вакацыі!

«Белсат» – першы незалежны тэлеканал Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. Місія нашага тэлеканалу – даць доступ да незалежнай інфармацыі, дакладных звестак пра гісторыю Беларусі, а таксама поўнае інфармаванне пра міжнароднае атачэнне Беларусі.

Глядзі таксама
Каментары