У Магілёве збіраюцца правесці “мітынг пустых рондляў”


Адпаведную заяўку падалі ў Магілёўскі гарвыканкам.

Як распавёў “Белсату” лідар Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў, заяўнікамі выступілі 12 чалавек: прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў Магілёўшчыны. “Заяўку падалі на 9 чэрвеня, адказу пакуль няма. Але заўтра збіраемся пайсці ў гарвыканкам на перамовы, каб, так бы мовіць, папярэдзіць магчымую адмову”, – гаворыць Юрый Новікаў.

Мітынгаваць магілёўцы збіраюцца супраць росту цэнаў, інфляцыі ды падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Колькасць удзельнікаў акцыі – да 1000 чалавек, так пазначаецца ў заяўцы. Але, калі б далі прарэкламаваць ініцыятыву, народу прыйшло б значна болей, упэўнены Юрый Новікаў: “Шмат індывідуальных прадпрымальнікаў былі вымушаныя закрыць свой бізнес. У крамах людзі скупаюць харчы, бо не ведаюць, якія кошты іх сустрэнуць заўтра. Аднак праз месяц і скупаць не будзе каму, бо грошай у людзей не застанецца”.

Юрый Новікаў гаворыць, што яны адмыслова падавалі заяўку на пляцоўку па вуліцы Чэлюскінцаў – гэтае месца Магілёўскі гарвыканкам вызначыў для правядзення масавых акцыяў. “Калі ўсё ж такі адмовяць, будзем вырашаць, ці то скардзіцца ў суд, ці то шукаць іншае выйсце з сітуацыі. Але здавацца мы не збіраемся”, – падкрэсліў лідар Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў.

belsat.eu

Стужка навінаў