«Дыхай вольна»


Акцыя супраць палення адбылася ў 52 гарадах Беларусі ў Сусветны дзень без тытуню, які традыцыйна адзначаецца 31 траўня.

Паводле галоўнага спецыяліста ў рыхтаванні ды рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Русакова, акцыя стартавала 27 траўня з велапрабегу валанцёраў, які распачаўся ў Лунінцы і Гомлі, а завяршыўся ў Мазыры.

Раніцаю 31 траўня на пляцоўцы каля Палацу спорту ў Менску працаваў адмысловы аўтобус з камандаю валанцёраў, якія раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра шкоду палення. У акцыі ўдзельнічалі навучэнцы розных навучальных установаў сталіцы.

Як сказаў Русакоў, таварыства Чырвонага Крыжа не адчувае ціску з боку вытворцаў тытунёвай прадукцыі. Больш за тое, паводле галоўнага спецыяліста, гэтыя кампаніі самі звяртаюцца ў Чырвоны Крыж з прапановамі дапамагчы ў арганізацыі акцыяў.

“Чырвоны Крыж адмаўляецца, бо мы выступаем за здаровы лад жыцця, мы не можам супрацоўнічаць з гэтымі кампаніямі”, – дадаў Русакоў.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на постсавецкай прасторы паліць большасць насельніцтва. У Беларусі паляць каля 30 % жыхароў. Між тым 90 % анкалагічных захворванняў выкліканыя актыўным або пасіўным паленнем. Лячэнне аднаго хворага на рак лёгкіх каштуе каля $ 100 000. Паводле звестак міністэрства, штодня ў Беларусі паміраюць 42 чалавекі ад хваробаў, звязаных з паленнем тытуню.

belsat.eu

Стужка навінаў