З Менску дэпартуюць расейскага журналіста


Уезд у краіну Радыёну Марынічаву забаронены на бліжэйшыя пяць год. Журналіста абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі.
Як распавёў “Белсату” спецыяльны карэспандэнт расейскага тэлеканала “Дождж” Радыён Марынічаў, ён прыехаў у Беларусь, каб зрабіць матэр’ял аб эканамічным становішчы ў краіне. За два дні расейскаму журналісту ўдалось засняць пустыя паліцы ў магазінах, чэргі ў абменнікаў і на пагранічных пераходах, а таксама запісаць шэраг інтэрв’ью як са звычайнымі людзьмі, так і “знакавымі асобамі”. Менавіта пасля размовы з Ірынай Халіп расейскага журналіста і затрымалі міліцыянты. Адбылося гэта на выхадзе са сталічнага Парка ім. Горкага.
“Мяне спынілі некалькі міліцыянтаў і загадалі паказаць заплечнік, маўляў, у сувязі з тэрарыстычнай пагрозай”, — распавёў Радыён. Паводле ягоных словаў, пад час праверкі дакумантаў міліцыянты заўважылі журналісцкае пасведчанне расейскага СМІ, пасля гэтага затрыманага вырашана было даставіць у Партызанскі РАУС.
У аддзяленні з відэакамеры журналіста выняліі флэш-карту. А праз некаторы час паведамілі, што з-за таго, што Марынічаў працаваў у Беларусі не маючы акрэдытацыі, ён унесены ў спіс непажаданых асоб і ўезд у Беларусь яму забаронены на 5 год.
“Без Беларусі я яшчэ неяк пражыву. Крыўдна, што 99 % майго відэаматэр’ялу знішчана, засталісь толькі крохі”, — шкадуе Радыён Марынічаў. Расейскі журналіст дадае, што ведаў аб тым, што са свабодай слова ў краіне дрэнна.
27 траўня, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў замежныя СМІ, у першую чаргу расейскія, у “нагнятаньні сытуацыі ў Беларусі”. Нібыта менавіта яны сваёй істэрыяй ствараюць ажыятаж на рынках краіны. Кіраўнік краіны загадаў зрабіць усё, каб яны больш не прысутнічалі на тэрыторыі краіны
belsat.eu
Стужка навінаў