Цікава, ці зачыняюць яны метро на ноч увогуле?


Задаецца пытаннем Антон Піеў – аўтар відэа, на якім ён з сябрамі зайшоў уначы на станцыю метро «Маскоўская»

Малады чалавек сказаў, што калі са сваімі сябрамі праходзіў падземны пераход прыкладна а 4:00 раніцы, то заўважыў, што дзверы на станцыю метрапалітэну не зачыненыя.

«Пагрукалі, паглядзелі – нікога няма, зайшлі і знялі ўсё, – сказаў ён. – Нас ніхто не спыніў».

Калі выйшлі з метро, маладыя людзі звярнуліся да супрацоўнікаў ДАІ, якія дзяжурылі каля крамы «Еўрапейскі», і паказалі ім знятае відэа. Міліцыянеры адказалі, што прымуць захады, і пайшлі ў бок станцыі метро.

«Праз гадзіну метро ўжо было зачыненае», – паведаміў Антон Піеў.

Малады чалавек выказаў меркаванне, што з такім узроўнем бяспекі «ажыццявіць тэракт не праблема, а ўсё, што мы бачым, гэта поўная «паказуха». На пытанне, навошта было здымаць гэтае відэа, Піеў адказаў, што «хацеў, каб людзі паглядзелі і зрабілі высновы», а таксама каб гэтая гісторыя атрымала рэзананс.

Ён заявіў, што яму «страшна ездзіць у метро ў звязку з апошнімі падзеямі, усё роўна, хто там узрываў, – няхай гэтым займаюцца канкрэтныя органы».

«Я не лічу, што мы штосьці парушылі, калі хочаце штосьці прад’явіць – прад’яўляйце, – сказаў Антон Піеў. – Па законе мяне, напэўна, могуць прыцягнуць. Я раскажу тое, што я бачыў, выкажу сваё меркаванне».

Аднак малады чалавек адзначыў: калі праваахоўныя органы лічаць, што хтосьці мусіць быць пакараны за падрыў бяспекі метрапалітэну, то «няхай нясе пакаранне».

Belsat.eu

Стужка навінаў