МЗС: Беларусь гатовая да супрацы з ЗША, а ЗША – не


30 траўня быў распаўсюджаны каментар прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэя Савіных, у якой ён называе заяву прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы пра Беларусь “неправамоцнаю і не заснаванаю на рэальных фактах”.

“Як можна задумваць увядзенне санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў – на іх жа працуе значная частка насельніцтва Беларусі, яны ў значнай ступені фармуюць бюджэт краіны – гэта значыць, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, пенсіі, адукацыю. Тады супраць каго напраўду скіраваныя гэтыя санкцыі? Гэта простае супастаўленне паказвае крывадушнасць сцвярджэнняў аб “падтрыманні беларускага народу”, – заявіў Савіных. На думку МЗС, “даўно надышоў час пачаць выбудоўванне канструктыўнай супрацы дзеля сапраўдных інтарэсаў нашых народаў, пры гэтым мы заўсёды былі да гэтага гатовыя – і гатовы цяпер”.

27 траўня Барак Оўбама заявіў, што “ЗША будуць праводзіць палітыку новых санкцыяў супраць асобных беларускіх дзяржпрадпрыемстваў”. Перадумоваю такой заявы сталі прысуды і пакаранні, вынесеныя беларускім апазіцыянерам, а таксама былым кандыдатам на прэзідэнта. “Гэтыя захады скіраваныя супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасці, прэзідэнта Лукашэнкі, і не скіраваныя супраць народу Беларусі”, – зазначыў прэзідэнт ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў