31 кастрычніка з Беларусі здымуць санкцыі ЕЗ


Еўрапейскі Звяз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі, пра гэта 29 кастрычніка паведаміла прэс-служба ЕЗ. Толькі чатыры асобы аднак не змогуць выехаць у Еўразвяз.

«Рада прыпыніла на чатыры месяцы замарожванне актываў і візавыя абмежаванні для 170 фізічных асоб, а таксама замарожванне актываў для трох прадпрыемстваў Беларусі, – гаворыцца ў паведамленні. – Гэтае рашэнне было прынята ў адказ на вызваленне 22 жніўня ўсіх беларускіх палітзняволеных і ў кантэксце паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю».

У паведамленні адзначаецца, што вызваленне палітзняволеных было «даўно чаканай Еўразвязам падзеяй». Зняцце санкцый – гэта рэакцыя на пэўны прагрэс ў Беларусі ды заахвочванне да новых зменаў. ЕЗ надалей будзе ўважліва праводзіць маніторынг сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі, падае БелаПАН.

Прэс-служба адзначае, што тэрмін дзеяння абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі заканчваецца 31 кастрычніка. У сувязі з гэтым яны прадоўжаныя на чатыры месяцы з адначасовым замарожваннем санкцый.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што чатыры чалавекі, якія «маюць дачыненне да не расследаваных знікненняў у Беларусі», застаюцца пад санкцыямі. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыя Паўлічэнку (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС). Таксама працягвае дзейнічаць эмбарга на пастаўку ўзбраенняў.

Афіцыйны дакумент, які ўключае прозвішчы людзей і назвы прадпрыемстваў, будзе апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕЗ 30 кастрычніка. Рашэнне набудзе моц 31 кастрычніка.

12 кастрычніка Дзяржсакратар Францыі ў еўрапейскіх справах Арлем Дэзір паведаміў, што ЕЗ мае намер прыпыніць дзеянне санкцыяў супраць Беларусі на чатыры месяцы «ў святле вызвалення некалькіх палітычных зняволеных і пасля выбараў, якія прайшлі ў атмасферы прымірэння», якое цяпер мае і вонкавапалітычнае вымярэнне.

Гэтак, 28 кастрычніка кіраўнік беларускага дыпламатычнага ведамства Уладзімір Макей ды кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын з нагоды адкрыцця прадстаўніцтва ЕЗ у Менску, абмеркавалі «пытанні развіцця дыялогу і супрацы паміж Беларуссю ды ЕЗ», – паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Што праўда, у той жа дзень Макей заявіў у інтэрв’ю газеце «Коммерсантъ», што Менск цвяроза глядзіць на пацяпленне стасункаў з еўрапейскімі партнёрамі.

«У нас няма ружовых надзеяў на тое, што заўтра адкрыюцца ўсе дзверы і мы апынемся ў абдымках Еўразвязу. Але тэндэнцыя да нармалізацыі дачыненняў прысутнічае», – зазначыў Макей.

Паводле кіраўніка МЗС Беларусі, у Еўразвязе зразумелі, што палітыка Менскуабумоўленая ў першую чаргу нацыянальнымі інтарэсамі.

«З часам у Еўразвязе зразумелі, што Беларусь – гэта не марыянетка, а незалежная дзяржава, якая праводзіць самастойную палітыку, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў», – мяркуе Уладзімер Макей.

ЮВ, belsat.eu, ria.rukommersant.ru, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары