З пачатку года ў Беларусі патанула амаль 300 чалавек. З іх – 18 дзяцей


З пачатку года і да канца лета ў Беларусі на вадзе загінулі 293 чалавека, у тым ліку 18 дзяцей. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Новік, перадае БелТА.

Пара купаецца ў Менскім моры. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Сіламі МНС было праведзена больш за 32 тысячы рэйдавых мерапрыемстваў па ўсіх вадаёмах краіны, уключаючы рэкі, азёры, капані, дзе адпачываюць людзі. АСВОД таксама правёў каля 32 тысяч рэйдаў.

Як падкрэсліваюць у МНС, смерць на вадзе надыходзіць, як правіла, у месцах не абсталяваных для купання. Па статыстыцы, у большасці выпадкаў смерцяў дзяцей на вадзе вінаватая бестурботнасць бацькоў.

За ўвесь мінулы год патанулі 307 чалавек.

Таксама за восем месяцаў гэтага года ў лясах краіны ратавальнікі знайшлі 147 зніклых людзей, з іх 13 дзяцей. 11 чалавек былі знойдзены мёртвымі. Асноўная прычына смерці ў лесе – абязводжванне або спыненне сэрца. «Загінулымі былі людзі пажылога ўзросту, якія пайшлі ў лес без запасу вады, з разраджанымі тэлефонамі або зусім без іх», – падкрэсліў Сяргей Новік.

Ён расказаў, што кожны год у лясах краіны губляюцца ад 400 да 700 чалавек у залежнасці ад надвор’я. Часцей за ўсё знікаюць пажылыя людзі, якія адправіліся ў лес у грыбы ці ягады, але бываюць, па свавольстве сыходзяць у лес і дзеці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў