Леанід Заіка: Беларусі неабходна ўспомніць амерыканскі досвед


У Беларусі з 1 чэрвеня павышаюць пенсіі. Эканаміст лічыць гэта шкодным для эканомікі ды прапаноўвае падтрымаць маламаёмасных іншым чынам.

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі з 1 чэрвеня ў краіне павялічацца пенсіі ў сярэднім на 13,7 %. «У цэлым на рэалізацыю крокаў сацыяльнага падтрымання пенсіянераў спатрэбіцца 201,7 мільярда рублёў (да канца года – 1,4 трыльёна рублёў). Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны мае неабходныя для гэтага сродкі», – паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Гэта вельмі дрэнны крок. Дадатковы ўкід «пустых грошай» толькі справакуе новы віток інфляцыі», – гаворыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка. Ён нагадвае, што намінальна заробкі павялічыліся на 40 %. «Насельніцтва і так не ведае, куды прыткнуць свае грошы, на долары ж іх не абмяняеш. Дык навошта зноўку падкідваць рублі?» – не можа даўмецца эканаміст. Да таго ж, пенсіі ва ўсіх розныя, былыя дэпутаты і міністры атрымліваюць вельмі прыстойныя грошы, аднак таксама атрымаюць надбаўку, указвае эксперт.

Леанід Заіка прапаноўвае беларускаму ўраду скарыстаць з досведу Злучаных штатаў Амерыкі. Там на пачатку 1950-х гг. бедных падтрымлівалі тым, што выдавалі ім талоны на харчаванне: «Напрыклад, калі пенсія ў вас 700 тысячаў, то яшчэ на 300 тысячаў мясцовыя ўлады мусяць выдаць вам талонаў, у абмен на якія ў крамах вы зможаце набыць мяса, малако ці яшчэ якую ежу. То бок талоны кампенсуюць вашы грашовыя страты». Ветэранам, інвалідам і бедным у першую чаргу патрэбныя харчы, зазначае эканаміст. Калі ж павялічваць грашовыя выплаты, то чэргі ў абменніках стануць яшчэ даўжэйшымі, кажа ён.

«Выплочваць больш грошай пенсіянерам я б дазволіў толькі коштам уласных заробкаў міністраў і дэпутатаў. А вось за тое, што будуць дадаткова друкаваць ці з бюджэту грошы, трэба біць па руках», – зазначае Леанід Заіка.

Belsat.eu

Стужка навінаў