Беларускія пенсіянеры: Як кіпнем абдалі


Пенсіянеры апынуліся на мяжы выжывання – і без таго невялікія пенсіі пасля дэвальвацыі абясцэніліся, як і сабраныя грошы, што захоўваліся ў беларускіх рублях.

“Вопраткі мы ўжо не купляем. Даношваем тое, што было, купляем толькі абутак і харчы”, – распавядае адна з пенсіянерак. Рэспандэнты сталага веку гавораць, што за апошнія гады ў іх склалася ўражанне стабільнасці ды ўстойлівасці матэрыяльнага стану. Хай пенсіі былі і невялікія, але неяк пражыць удавалася.

Пасля дэвальвацыі настроі змяніліся. “Нават размаўляць не хачу. У мяне благі настрой, я расчараваная. Чарговы раз нас добра “пракацілі”, і чым гэта скончыцца – таксама невядома, – гаворыць адна з рэспандэнтак. – Мы пачалі ўжо неяк разлічваць свае пенсіі, нават паціху рамонт рабіць, і тут – здарылася. Як кіпнем абдалі”. Некаторыя апытаныя кажуць, што ў такой сітуацыі нават ашчаджаць не атрымліваецца. “Як пражыць? Пазычаючы. Так і жыву. Масла не бачу, малака не бачу”, – зазначыла адна з пенсіянерак.

belsat.eu

Стужка навінаў