Агучылі прысуд сужэнцам Сяргею і Маргарыце Кудрыцкім


Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес прысуд Сяргею і Маргарыце Кудрыцкім. Сужэнцаў вінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года паводле «народнага» артыкулу 342 КК. Сяргея Кудрыцкага асудзілі на 2 гады калоніі, ягоную жонку Маргарыту – на 3 гады «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Маргарыта і Сяргей Кудрыцкія.
Фота: spring96.org

Крымінальную справу Сяргея і Маргарыты Кудрыцкіх разбірала сумнавядомая суддзя Вікторыя Шабуня.

Сяргей Кудрыцкі, які працаваў спецыялістам у сферы продажаў, быў затрыманы 24 чэрвеня 2022 года і змешчаны да суда пад варту, а спецыялістку аднаго з аддзелаў «МТБанк» Маргарыту Кудрыцкую адпусцілі пад вялікі заклад, бо на ўтрыманні сям’і няпоўнагадовае дзіця.

Паводле матэрыялаў справы, Сяргей і Маргарыта бралі ўдзел у двух паслявыбарчых акцыях пратэсту, падчас якіх «знаходзіліся і рухаліся па пешаходнай зоне, мелі бел-чырвона-белы сцяг і бранзалеты, паказвалі двума пальцамі рук знак літары «V».

На паседжанні высветлілася, што Сяргея Кудрыцкага затрымлівалі яшчэ ў чэрвені 2020 года. Нібыта тады ў ягоных рэчах «знайшлі» пакецік з марыхуанай, таму цяпер яго абвінавачвалі і паводле арт. 328 КК.

У выніку Сяргея Кудрыцкага асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Маргарыту Кудрыцкую пакаралі 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў