Менская манашка распавяла вагнэраўцам пра карысць гібелі на вайне


Манашка Свята-Елісавецінскага манастыра запэўніла параненых вагнэраўцаў, што ў вайне ва Украіне акупанты гінуць недарэмна. Пра паездку ў Маскву да наймітаў яна распавяла 28 верасня на сястрыцкім сходзе з духоўнікам манастыра.

Сход у Свята-Елісавецінскім манастыры. 28 верасня 2023 года. Крыніца: obitel_minsk / YouTube

Манашка менскага Свята-Елісавецінскага манастыра на сястрынскім сходзе распавяла пра паездку ў Маскву да параненых вагнэраўцаў. Яна паскардзілася, што адзін з наймітаў «казаў страшныя словы: гэта не нашая вайна».

«Я сустрэлася з ваяром, у якога чатыры аскепкавыя раненні, на мыліцах ходзіць. У яго цяпер такі стан… З ягонага аповеду я зразумела, не толькі ў яго адзінага – у хлопцаў, якія вярнуліся з вайны, вялікая крыўда. Ён нават казаў такія страшныя словы: гэта не нашая вайна. Уяўляеце, асоба ваявала паўтара года, і вось такое прамаўляе», – распавяла манашка.

Яна растлумачыла прычыну крыўды: наймітаў не прызнаюць ветэранамі. А таксама паведаміла, як паспрабавала суцешыць вагнэраўца:

«Спрабавала сказаць: паглядзі, вакол пачалося ж нешта змяняцца, смерць гэтых хлопцаў была недарэмная, тое, што цяпер адбываецца, – гэта дзякуючы вам. Але асоба не хоча гэтага чуць, не верыць у гэта. Гэта самае складанае», – абураецца манашка.

Да размовы на сястрыцкім сходзе далучыўся духоўнік Свята-Елісавецінскага манастыра Андрэй Лемяшонак, які назваў загінулага кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына «няверным з кашаю ў галаве».

«Гэта была ўжо дзея ад ворага, ад д’ябла. Ён перавысіў свае паўнамоцтвы. Гэта было ўжо супраць Расеі. Ён быў патрыётам, але, мабыць, няверным, не царкоўным, у галаве была такая каша, што прывяла да такога вось…» – заявіў протаіерэй.

Hавiны
Польшчу просяць забараніць гандаль манашкам Свята-Елісавецінскага манастыра з Менску
2023.09.05 12:39

Свята-Елісавецінскі манастыр вядомы сваім падтрыманнем вайны ва Украіне. Манашкі збіраюць для расейскіх войскаў грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, пішуць лісты салідарнасці, ладзяць канцэрты «Сваіх не кідаем» у гонар акупантаў.

Каментар
Свята-Елісавецінскі манастыр збірае «дапамогу Данбасу» і прапануе пісаць расейскім вайскоўцам
2023.09.18 19:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў