Прэс-служба Лукашэнкі ігнаруе размову з Пуціным. Што такога ён сказаў і з чым павіншаваў?


30 жніўня Аляксандр Лукашэнка адзначае свой 68-ы дзень народзінаў. Але на пенсію, якая для беларускіх мужчынаў наступае ў 63 гады, ён сыходзіць не збіраецца, хоць і ў чарговы раз заявіў, што «наеўся» прэзідэнтцва.

Суботнік Лукашэнкі. 17 красавіка 2021 года. Крыніца: president.gov.by

Пра тое, што Лукашэнка адзначае свой дзень народзінаў менавіта 30 жніўня, з раніцы намякнуў і тэлеграм-канал «Пул Первого», які напісаў, што «гэты дзень для прэзідэнта [так ён называе Лукашэнку. – Рэд. Belsat.eu] як звычайна – працоўны». Таксама ў «Пуле» ў лепшых традыцыях культу асобы назвалі фразай дня заяву Лукашэнкі, што «прэзідэнтамі не становяцца – прэзідэнтамі нараджаюцца».

Але, нягледзячы на такія тлустыя намёкі прэс-службы, на афіцыйным сайце, апроч раздзелу біяграфіі, нічога не намякае, што 30 жніўня – дзень народзінаў Лукашэнкі. Няма нават інфармацыі пра тэлефонную размову з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным.

Як паведамілі ў Крамлі за пяць гадзінаў да публікацыі нашага матэрыялу, падчас тэлефоннай размовы Пуцін «цёпла павіншаваў» Лукашэнку з днём нараджэння. Таксама яны абмеркавалі «двухбаковага парадку дня, а таксама сітуацыю ва Украіне».

Раней Пуцін накіраваў Лукашэнку віншавальную тэлеграму:

«Вы ўносіце вялікі асабісты ўклад у развіццё дружалюбных, саюзніцкіх расейска-беларускіх сувязей, партнёрскага ўзаемадзеяння ў супрацьстаянні пагрозам і выклікам нашай агульнай бяспекі.

Высока цаню нашы добрыя, таварыскія стасункі, якія дазваляюць адкрыта і грунтоўна абмяркоўваць самыя складаныя пытанні. Разлічваю на працяг канструктыўнага дыялогу і шчыльнай сумеснай працы з Вамі для нарошчвання двухбаковай супрацы ва ўсіх сферах, далейшага развіцця інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэта, несумненна, адпавядае карэнным інтарэсам нашых брацкіх народаў».

Віншаванняў ад Пуціна не заўважылі і афіцыйныя медыі Беларусі, напрыклад, БелТА.

Нестабільны дзень народзінаў

З пачатку прэзідэнцкай кар’еры датай нараджэння Лукашэнкі ва ўсіх дакументах і даведніках называлася 30 жніўня. Але ў 2010 годзе ён заявіў, што нарадзіўся ў адзін дзень з малодшым сынам Мікалаем – 31 жніўня. Неўзабаве гэтая дата з’явілася і на афіцыйным сайце. Прэс-служба Лукашэнкі тлумачыла тады, што ягоная маці нарадзіла сына ў ноч на 31 жніўня, а ў радзільні аформілі дакументы на дзень раней.

Але ў афіцыйных біяграфіях Лукашэнкі на выбарах 2010 і 2015 году зноў датай нараджэння стаяла 30 жніўня. Вярнулі дату і на афіцыйны сайт, але ў жніўні 2016-га зноў памянялі на 31 жніўня.

Аднак на сённяшні дзень на сайце Лукашэнкі датай ягонага нараджэння па-ранейшаму пазначанае 30 жніўня.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў