Тэракт у Пакістане: загінулі мінімум 39 чалавек


Выбух адбыўся на з’ездзе кансерватыўна-рэлігійнай партыі JUI-F («Джаміят Улема-і-іслам») у паўночна-заходняй правінцыі Пакістана Хайбер-Пахтунхва. Пра гэта паведамляе DW.

Паводле міністра аховы здароўя правінцыі Рыаза Анвара, у выніку тэракту загінулі 39 чалавек і яшчэ 123 атрымалі раненні. 17 пацыентаў знаходзяцца ў цяжкім стане.

Паліцыя дапускае, што ахвяр можа быць больш.

Паводле пакістанскага тэлеканалу Geo, у тэракце загінулі 40 чалавек, у тым ліку лідар мясцовага аддзялення партыі JUI-F. Атрымалі раненні звыш за 200 асобаў, сярод іх – аператар тэлеканалу Geo. Паведамляецца, што выбух быў здзейснены тэрарыстам-смяротнікам.

Адказнасць за тэракт пакуль ніхто не ўзяў.

Вядома, што ў апошнія гады ў Пакістане неаднаразова адбываліся тэрарыстычныя атакі. Урад у Ісламабадзе знаходзіцца ў стане канфлікту з пакістанскім аддзяленнем радыкальнага руху «Талібан», якое арганізацыйна адрозніваецца ад афганскага «Талібана». За некаторымі тэрактамі ў краіне стаяла ў мінулым таксама тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў