«Мы не бачым для Беларусі іншай будучыні, акрамя як еўрапейскай». Святлана Ціханоўская выступіла ў Радзе Еўропы


Дэмакратычныя сілы разглядаюць супрацу з Радай Еўропы як стратэгічную, «самую важную знешнюю супрацу, якая ў нас ёсць». Аб гэтым Святлана Ціханоўская заявіла, выступаючы 30 студзеня перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы ў Страсбургу, паведамляе прэс-служба абранай прэзідэнткі Беларусі. 

Святлана Ціханоўская на пленарнай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу 25 студзеня 2024 года.
Фота: Святлана Цізаноўская / Telegram

«Прычына такой ацэнкі простая – мы не бачым для Беларусі іншай будучыні, акрамя еўрапейскай. Пасля нападу Расеі на Украіну стала відавочна, што бяспека і дэмакратыя ўзаемазвязаны. Таксама стала відавочна, што толькі ў рамках еўрапейскай сям’і народаў Беларусь можа стаць квітнеючай, мірнай і суверэннай дзяржавай. І наш шлях – еўрапейскі шлях – пачнецца тут, у Страсбургу. Нашым першым крокам на шляху еўрапейскай інтэграцыі стане ўступленне ў Раду Еўропы», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская праінфармавала міністраў аб актуальным становішчы спраў у Беларусі, у тым ліку распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў і акрэсліла сітуацыю з палітвязнямі. Яна падзякавала Радзе Еўропы за афіцыйнае афармленне адносін з дэмакратычнай Беларуссю.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка завёў Беларусь у ізаляцыю і суверэнітэт Беларусі зараз знаходзіцца пад пагрозай.

«У беларусаў ніколі не было тых пераваг сяброўства ў Радзе Еўропы, якія могуць здавацца вам такімі відавочнымі. У беларусаў не было магчымасці бараніць свае правы ў міжнародных судах. Не было доступу да лепшых экспертных ведаў у галіне законатворчасці. Не было магчымасці развіваць чалавечы капітал, ствараць партнёрствы і альянсы, сувязі паміж людзьмі… І мы бачым вынік – Беларусь з’яўляецца адной з самых бедных краін Еўропы. Дзяржаўныя і сацыяльныя інстытуты разбураны. Людзі жывуць ва ўмовах тэрору. Суверэнітэт знаходзіцца пад пагрозай. І нарэшце, мая краіна аказалася ўцягнутая ў злачынную вайну супраць суседняй Украіны», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Лідар беларускіх дэмсілаў падкрэсліла, што беларусы змагаюцца за каштоўнасці, якія важныя для Рады Еўропы – вяршэнства закону, роўнасць, народаўладдзе і свабодныя выбары.

Святлана Ціханоўская прапанавала абмеркаваць і распрацаваць дарожную карту для найхутчэйшага ўступлення будучай дэмакратычнай Беларусі ў Раду Еўропы, адлюстраваўшы ў ёй дэмакратычныя рэформы. Згаданы дакумент можа стаць рамачным для супрацы ў стратэгічнай перспектыве.

У пасяджэнні Камітэту міністраў Рады Еўропы бралі ўдзел прадстаўнікі 45 дзяржаў. Генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч распавяла аб працы кантактнай групы па Беларусі на працягу апошняга года, а таксама разам са Святланай Ціханоўскай прэзентавала план яе работы на бліжэйшыя два гады. Яны вылучылі некалькі кірункаў супрацы: працяг навучання беларускіх юрыстаў, «інвеставанне ў моладзевыя арганізацыі і актывістаў», прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў сярод беларусаў.

Кантактная група Рады Еўропы па Беларусі дзейнічае з лістапада 2022 года. З беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў