Сілавікі забралі яшчэ аднаго спартовага менеджара з «Шахцёра»


З офісу футбольнага клуба «Шахцёр» сілавікі забралі дырэктара Аляксандра Марчанку. Аб гэтым паведамляе выданне «Трыбуна» са спасылкай на ўласныя крыніцы. 

Цішоўка ФК «Шахцёр» з лагатыпам галоўнага спонсара клуба – кампаніі «Беларуськалій». Фота з сайта клуба: fcshakhter.by

Пасля заканчэння візіту ў офіс салігорскага футбольнага клуба «Шахцёр» 30 студзеня прадстаўнікі сілавых структур забралі з сабой дырэктара клуба Аляксандра Марчанку. На момант падрыхтоўкі гэтага паведамлення ягоны статус быў невядомы.

Паведамляецца, што Марчанка заступіў на пасаду дырэктара ФК на пачатку 2021 года, да гэтага працаваўшы на адпаведнай пасадзе ў ФК «Гарадзея».

Раней стала вядома, што 30 студзеня ў офіс ФК «Шахцёр» прыехалі ўзброеныя сілавікі. Потым Следчы камітэт паведаміў аб тым, што ў дачыненні прадстаўніка «Шахцёра» заведзена крымінальная справа за аказанне ўплыву на вынік матчу чэмпіянату Беларусі па футболе. Пры гэтым прозвішча фігуранта справы не называлася.

Да таго, 22 студзеня быў затрыманы спартыўны дырэктар клуба Уладзімір Нідзергаўс, якога падазраюць у махлярстве.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў