Ірына Халіп: Муж задаволены, што вырваўся з “амерыканкі”


Жонка зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава нарэшце з ім сустрэлася.

Як распавяла “Белсату” Ірына Халіп, спатканне праходзіла ў СІЗА на вул. Валадарскага, куды Андрэя Саннікава перавялі з “амерыканкі”.

“Андрэй выглядае бадзёрым і ўпэўненым. У мяне проста гара з плеч звалілася, бо раней я магла бачыць мужа толькі па тэлебачанню і ў клетцы”, — гаворыць Ірына Халіп.

Па яе словах, Андрэй Саннікаў вельмі задаволены, што вырваўся з “амерыканкі” і гаворыць, што тут яму падабаецца больш. Утрымліваюць палітыка ў чатырохмясцовай камеры. Колькі яшчэ ён прабудзе ў СІЗА, пакуль не вядома. Не вызначана і калонія, дзе Андрэй Саннікаў будзе адбываць пакаранне, гаворыць Ірына.

“Канешне, больш за ўсё яго цікавіла, як там Данька, як сын перажыў усю гэтую сітуацыю. Пасля маіх расповедаў Андрэй супакоіўся”, — зазначае Ірына.

Што тычыцца сітуацыі, калі Андрэя Саннікава фактычна хавалі ад жонкі, каб яна не магла рэалізаваць дадзены судом дазвол на сустрэчу, то Ірына пракаментавала гэта так: “Ведаеце, некалькі год таму абрабавалі лецішча маіх бацькоў. Мала таго, што вынеслі амаль усе рэчы, так яшчэ і нагадзілі пасярод хаты. Мяркую, што тут дзеянні такога ж кшталту…”

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў асуджаны беларускім судом на 5 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоная жонка Ірына Халіп атрымала два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам два гады.

belsat.eu

Стужка навінаў