Аляксандр Класкоўскі ў «Гарачым каментары»


Сёння ў Менск прыехалі кіраўнікі ўрадаў СНД. Спатканне прэм’ераў ужо 57-е па ліку з моманту заснавання Садружнасці. Прыярытэтным пытаннем ёсць зона свабоднага гандлю. Для Беларусі бадай галоўны момант – атрыманне крэдыту. Хаця Аляксандр Лукашэнка запэўніваў, што расейскі бок гатовы выдзеліць нашай краіне крэдыт памерам 6 млрд долараў, міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын гаворыць толькі пра дапамогу з фонду ЕўрАзЭС і прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў.

Эксперт мяркуе, што сённяшняе спатканне – знак таго, што незалежнасць Беларусі апынулася пад пагрозаю. «Тое, што Пуцін ужо другі раз цягам такога кароткага часу прыязджае ў Менск, азначае, што ён, як дасведчаны паляўнічы, адчувае, што цяпер найлепшы час браць здабычу. Вось глядзіце: найперш пад гэтыя крэдыты Масква патрабуе нейкага плану рэформаў, нейкіх структурных пераўтварэнняў і гэтак далей. І гэта сапраўды важны складнік, які гарантуе расейскаму боку вяртанне іхніх грошай. Але акрамя гэтага Масква патрабуе прыватызацыі прыватных беларускіх актываў. Гэта і паглынанне МАЗу КАМАЗам, плюс «нафтанка», плюс «Горадня-Азот» і яшчэ шэраг прыватных актываў», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Паводле палітолага, Расея дасць нейкі крэдыт Беларусі, але гэта дакладна не будуць чаканыя 6 млрд долараў, з якіх днямі так цешылася беларускае кіраўніцтва. Высветлілася, што палова гэтай сумы можа быць выплачаная цягам трох гадоў, а другая прыйдзе ў Беларусь у выніку прыватызацыі прадпрыемстваў.

«Гэта нават больш выгодна для Расеі – не абавязкова рабіць грубую інкарпарацыю, можна дэ-факта тут скупіць усё, а чырвона-зялёны сцяг хай сабе вісіць», – упэўнены Класкоўскі.

Belsat.eu

Стужка навінаў