І шасці мільярдаў мала


Міхаіл Мясніковіч не выключае магчымага звяртання да Міжнароднага валютнага фонду па крэдытную дапамогу. Пра гэта ён паведаміў падчас справаздачы 17 траўня прэзідэнту краіны.

“Гэта доўгі працэс, у чэрвені будзе чарговая планавая місія гэтага фонду ў Беларусі. Мы не гэтыя пытанні будзем абмяркоўваць, але ў залежнасці ад справаздачы, якую падрыхтуюць у МВФ, мы зможам прагназаваць, як будуць складацца дачыненні з гэтаю аўтарытэтнаю міжнароднаю арганізацыяй”, – сказаў прэм’ер.

У сваю чаргу ў МВФ падкрэсліваюць, што дзеля фінансавання Беларусі фонду неабходная “праграма дзеянняў эканамічнай палітыкі ды амбітных рэформаў, якім можна б было рэальна верыць”. Пра гэта 6 красавіка падчас відэаканферэнцыі заявіў старшыня місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс.

Місія для ацэнкі эканамічнай сітуацыі ў Беларусі будзе працаваць у чэрвені. Яе мэта – постпраграмны маніторынг, які вядзецца ў краінах, што атрымлівалі вялікія крэдыты ад МВФ.

Беларусь атрымоўвала пяць выплатаў крэдыту МВФ у 2009–2010 гг. паводле праграмы stand-by. Агульная сума сродкаў, выдаткаваных фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала прыблізна $ 3,46 млрд.

У Нацбанку заявілі, што праграма stand-by адыграла “адну з вырашальных роляў у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 – на пачатку 2010 гг., гэта дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць устойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць інвестараў і хатнія гаспадаркі”.

“Да МВФ трэба было звяртацца раней, – лічыць незалежны эканаміст Сяргей Чалы. – Верагодна, што справаздача наўрад ці будзе пазітыўнаю для беларускага боку, асабліва калі ўлічыць, што фактычна дасягненні праграмы stand-by былі змарнаваныя апошнім часам. Эканамісты ад МВФ выставяць вельмі жорсткія ўмовы ў выпадку звяртання да іхнай арганізацыі па дапамогу. Калі справа дойдзе да звароту па крэдыт у МВФ, то працэс атрымання пазыкі будзе марудны”.

belsat.eu

Стужка навінаў