Турфірмам дазволілі ўсталёўваць свой курс


Міністэрства спорту і турызму і Нацбанк не ўбачылі ў гэтым парушэнняў.

Турыстычныя фірмы былі аднымі з першых у краіне, хто адкрыта ўсталяваў курс долара 5000:1. Кліентам прапаноўвалі скласці дадатковае пагадненне, дзе і быў прапісаны новы абменны курс. У дамовах адзначалася – “паводле пагаднення бакоў”, але фінансавыя ўмовы дыктаваў толькі адзін бок – турыстычная кампанія.

Незадаволеныя кліенты звярнуліся ў ліцэнзійны орган з патрабаваннем праверыць, ці правамоцныя такія дзеянні. У прэс-службе Міністэрства спорту і турызму растлумачылі: “Тураператары маюць права ўсталёваць свой курс у адпаведнасці з арт. 298 ч. 2 Грамадзянскага кодэксу РБ. Прадпрыемства прапісвае кошты ва ўмоўных адзінках. Але плаціць паводле закону абавязаныя беларускімі рублямі. Які будзе курс, вызначаюць паводле пагаднення бакоў – кліента і фірмы, таму і парушэнняў няма”.

Відавочна, такім чынам Міністэрства спрабуе дапамагчы стратнаму бізнесу. Пасля праблемаў на валютным рынку аператары напалову закрылі турыстычныя лініі. У кампаніі “Актам” паведамляюць: “Адразу скараціўся попыт на ўікэнд-адпачынак, мы фактычна адмовіліся ад прапановаў “Выходныя ў Вільні”, “На два дні ў Польшчу”. Дарагія туры цяпер таксама не ў пашане, і нават VIP-кліенты прыглядаюцца, што ёсць таннейшае”.

Валютны крызіс адбіўся і на бізнесе ўладальнікаў аграсядзібаў. Гаспадары тэрмінова пераводзяць усе кошты ў валюту і за 1 долар просяць 4800–5000 руб.

belsat.eu

Стужка навінаў