“Беларусбанк” прыпыніў выдачу ільготных крэдытаў


У прыватных размовах супрацоўнікі банку кажуць сваім кліентам, што стаўка ільготнага крэдыту можа вырасці з 5 да 17%.

Крэдыт пад 5% гадавых выдзяляўся грамадзянам, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Маладая сям’я Кулінкаў устала на чаргу ў Партызанскім раёне Менску. “Супрацоўнік крэдытнага аддзелу нам адразу сказаў – шанцаў амаль няма, але дакументы прынялі, – кажа Святлана Кулінка. – Праз тыдзень нам адмовілі ў крэдыце. Афіцыйна банк не абавязаны нічога тлумачыць, гэта ягонае рашэнне. Але наш кансультант сказаў – з 12 траўня па ўнутраным распараджэнні спыняем выдаваць крэдыты пад 5%”.

“Беларусбанк” мае праблемы з пагашэннем крэдытаў па падпісаных ужо дамовах. Выконваецца толькі 5-10% ад кантракту. З афіцыйнымі каментарамі банк выступаць адмаўляецца. Аднак у прыватнай размове кліентам кажуць, што крэдытная стаўка павялічыцца з 5% да 17%. Будаваць жыллё па звычайнай неільготнай лініі можна будзе з крэдытам пад 21-23% гадавых. Падвышэнне выклікала нестабільная сітуацыя на валютным рынку.

Нагадаем, што многія замежныя крэдыторы, у тым ліку МВФ, некалькі год запар рэкамендуюць Беларусі адмовіцца ад ільготнага крэдытавання насельніцтва. Урад жа настойвае на тым, што ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве народ не зразумее такога рашэнне ўладаў.

Вось як паркаментавала сітуацыю “Белсату” эканаміст Ірына Урбан: “За красавік аб’ём наяўных грошай вырас на 21,3%, але надрукаванага трыльёна недастаткова, каб выратаваць беларускую эканоміку. Больш за тое, гэтага не хопіць нават на праграмы будаўніцтва сацыяльнага жылля. Толькі ў Менску зараз у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў стаіць больш за 280 тыс. сем’яў. Гэта амаль палова жыхароў сталіцы. У большасці яны разлічваюць на сацыяльнае жыллё або на ільготны крэдыт. Але эканоміка зараз у такім стане, што свабодна гэтых грошай у банках няма. Пытанне, ці знойдуцца сродкі, каб пагасіць ужо заключаныя дамовы. Таму новыя і не заключаюць”.

belsat.eu

Стужка навінаў