У інтэрнэце з'явіўся валютны “пашукавік”


На адным з буйнейшых інфармацыйных парталаў TUT.BY з’явіўся сэрвіс, з дапамогай якога уладальнікі валюты змогуць паведаміць, дзе і калі яны збіраюцца яе здаваць.

Як распавялі стваральнікі, сэрвіс пачаў працаваць толькі ўчора, 16 траўня, але падана ўжо больш за 200 абвестак. Прычым, прапановаў набыць валюту прыкладна ў 10 разоў больш, чым аб’яваў пра яе продаж.

“Цяпер шмат каму з беларусаў патрэбна валюта, але набыць яе ў абменніках немагчыма. Да таго ж, большасць з іх акупавалі спекулянты, якія імгненна выкупаюць тыя “крохі”, якія туды здаюць грамадзяне. Таму і ўзнікла ідэя звесці прадаўцоў з пакупнікамі”, — тлумачыць супрацоўнік парталу.

Прадавец ці пакупнік валюты размяшчае на сайце аб’яву пра суму здзелкі і дае свае кантакты. Асобным радком у ёй указваецца “узнагароджанне за прадастаўленне інфармацыі аб часе і месцы продажу ў абменным пункце ў разліку на адзінку валюты”. Звычайна “узнагароджанне за інфармацыю” складае розніцу паміж банкаўскім курсам валюты і яе коштам на чорным рынку.

“Гэта ўсё легальна, бо згодна з заканадаўствам адна фізічная асоба можа выплаціць узнагароджанне другой за інфармацыю”, — тлумачаць стваральнікі сэрвісу.

На сэрвісе таксама змешчаны напамін, што ўсе аперацыі па куплі-продажу валюты павінны ажыцяўляцца толькі праз банкі. І папярэджанне, што “адказнасць за парушэнне парадку ажыццяўлення валютных аперацый складае да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння”.

Станіслаў Багданкевіч у каментары “Белсату” сцвердзіў, што першым неабходным крокам для змены становішча на валютна-фінансавым рынку з’яўляецца прадастаўленне Нацбанку поўнай незалежнасці ў гэтай сферы. Толькі пасля гэташа можна чакаць чакаць стабілізацыі курса беларускага рубля.

„Калі Нацбанк будзе незалежны і персанальна адказны за адзіны валютны курс, ён будзе павінен неадкладна правесці рынкавую сесію на валютна-фондавай біржы і вызначыць любы: магчыма заніжаны, магчыма завышаны курс, па якім можна набыць валюту на гэтай біржы”, – сказаў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў