Дырэктар Цэнтру Мерашэўскага для «Белсату»: «Вайна ва Украіне і ўзурпатар пакінулі адбітак на ўяўленні палякаў пра Беларусь»


Полк Каліноўскага занадта слаба вядомы большасці палякаў, каб карэнным чынам змяніць іх уяўленне пра беларусаў. Асвятленне ў медыях дзеянняў Лукашэнкі і рэжыму непрапарцыйна большае, нават у тых СМІ, якія відавочна сімпатызуюць беларускай апазіцыі — кажа доктар Эрнэст Выцішкевіч (Ernest Wyciszkiewicz), дырэктар Цэнтру Мерашэўскага, які падрыхтаваў даклад пра стаўленне палякаў да Беларусі і беларусаў.

Эрнэст Выцішкевіч, дырэктар Цэнтру Мерашэўскага. Zdj. MieroszewskiPL

— Раней Цэнтр Мерашэўскага праводзіў даследаванні пра стаўленне палякаў да ўкраінцаў і расейцаў. Іх вынікі супадалі з агульным, у тым ліку маім, меркаваннем пра тое, што палякі думаюць пра гэтых суседзяў. Але, прызнаюся, вынікі апытання пра стаўленне палякаў да беларусаў мяне вельмі здзівілі. Я думаў, што яно больш пазітыўнае. Вы таксама былі здзіўленыя?

рапарт
Лукашэнка і Расея моцна псуюць імідж Беларусі ў Польшчы – апытанне Цэнтру Мерашэўскага
2023.06.28 16:22

— Мы замовілі даследаванне ў сувязі з неабходнасцю зразумець эвалюцыю ўспрымання Беларусі і беларусаў палякамі на фоне дзвюх фундаментальных падзеяў — фальсіфікаваных Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў і беспрэцэдэнтных пратэстаў беларускага грамадства, успрынятых палякамі вельмі станоўча, а таксама расейскага ўварвання ва Украіну, у якім удзельнічала Беларусь, прапанаваўшы сваю тэрыторыю . Мы адчувалі, што дзве згаданыя падзеі могуць падштурхнуць польскае ўспрыманне Беларусі і беларусаў у супрацьлеглыя бакі, што цень абурэння ляжа на сімпатыю, якая яшчэ нядаўна расла. Мы мелі рацыю.

Удзел Лукашэнкі на баку агрэсара істотна паўплываў на стаўленне палякаў, хаця маштаб зменаў сапраўды можа быць ашаламляльным. Верагодна, выявы з атакаванай Украіны пакінулі выразны адбітак на ўяўленні палякаў пра любых суўдзельнікаў.

— З аднаго боку, вы падкрэсліваеце ў дакладзе, што ў Польшчы існуе жывая цікавасць да Беларусі, з другога боку, яна знікае, асабліва сярод моладзі. Як растлумачыць гэты парадокс?

— Гэта не столькі парадокс, колькі вынік ператварэння Беларусі ў вачах маладых палякаў у далёкага, экзатычнага і непрыязнага суседа. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што веданне такіх людзей, як Святлана Ціханоўская ці Анджэй Пачобут, у значнай ступені залежала ад узросту рэспандэнта. У самых маладых людзей сярэдні ўзровень распазнання быў меншы за 10 %, а ў старэйшай групе – большы за 60 %. Жывая цікавасць да Беларусі на ўзроўні большым за 30 % палякаў, відаць, датычыцца збольшага сярэдняга і старэйшага пакалення.

— Увогуле апытанне паказвае, што палякі адназначна лічаць Беларусь несяброўскай для Польшчы краінай. Чаму яны пераважна не адрозніваюць беларускую нацыю ад рэжыму Лукашэнкі?

— Яны адрозніваюць, але лічаць, што беларускае грамадства нясе частковую адказнасць за палітыку рэжыму. Безумоўна, вялікае значэнне мае вельмі глыбокая палітызаванасць польскага ўспрымання Беларусі, якая звязана перадусім з таталітарызмам, дыктатурай, Лукашэнкам і рабалепствам перад Расеяй. У спісе распазнавальных людзей пераважаюць палітыкі. У гэтым кантэксце не дзіўна, што беларускае грамадства прызнаецца адлюстраваннем дзяржавы, а значыць, абцяжарваецца яе грахамі.

— А можа, праблема ў тым, што медыі ў Польшчы часта выкарыстоўваюць спрашчэнні, калі пішуць “Беларусь”, “беларускія ўлады”, “беларускае войска” і г. д. замест “рэжым Лукашэнкі”? Гэта робяць і заходнія СМІ, а таксама, здараецца, вольныя эмігранцкія беларускія СМІ.

— Канцэнтрацыя СМІ на асобе ўзурпатара, на пераследзе апазіцыі, а ў гэты момант на перакідванні ядравых ракетаў з Расеі і на вымушанай іміграцыі Прыгожына грае важную ролю ў фармаванні вобразу Беларусі ў сярэднестатыстычнага паляка. Але можна было б задаць рытарычнае пытанне, ці была ў распараджэнні медыяў якая-небудзь сур’ёзная альтэрнатыва.

— Падсумаванне ў справаздачы паказвае, што за апошнія месяцы вырасла перакананасць палякаў у пазітыўным стаўленні суседніх народаў да Польшчы, акрамя, вядома, Расеі і, уласна, Беларусі. Чаму? Бо памяць аб пратэстах 2020 года, здаецца, яшчэ жывая…

— Памяць аб падзеях 2020 года яшчэ жывая ў многіх людзей, але яна перастала дзейнічаць як якасны фактар у фармаванні польскай думкі. Мае значэнне той факт, што апазіцыя не выйшла пераможцай з супрацьстаяння з дыктатарам. На паразе, няхай нават слаўнай, цяжка пабудаваць доўгатэрміновы пазітыўны вобраз, асабліва калі ўзурпатар уцягвае Беларусь у жорсткую вайну.

— Амаль 40 % ведаюць імёны Святланы Ціханоўскай, Анджэлікі Борыс і Анджэя Пачобута і ведаюць, хто яны, але мала хто ведае іншых беларускіх апазіцыянераў, такіх як Алесь Бяляцкі ці Павел Латушка. Як вы лічыце, 40 % — гэта шмат ці мала?

— Калі ўзгадаць, што пазнавальнасць Святланы Ціханоўскай у Польшчы ў ліпені 2020 года, была б каля 0 %, дык вынік 40 % у дэмакратычна ўпаўнаважанага лідара апазіцыі варты ўвагі. Пазнавальнасць Анджэлікі Борыс і Анджэя Пачобута мае больш глыбокія карані з прычыны іх шматгадовай грамадскай і журналісцкай дзейнасці.

— Няхай гэта і шмат, але Аляксандра Лукашэнку ведаюць ажно 88 %. Так што сёння гэта самы вядомы – на жаль, сумна вядомы – «брэнд» Беларусі. Гэта кепская навіна для свабодных беларусаў і Аб’яднанага пераходнага кабінету?

— Так, пераважная большасць палякаў, думаючы пра Беларусь, бачыць Лукашэнку, у той жа час абсалютная большасць глядзіць на яго надзвычай ці вельмі крытычна. Чорны піяр часта станоўча ўплывае на пазнавальнасць брэнду, але на ім цяжка пабудаваць трывалы падмурак. На шчасце, для беларускай апазіцыі асацыяцыі палякаў павінны быць другараднымі, бо іх задачай мае быць перакананне суайчыннікаў у існаванні сур’ёзнай альтэрнатывы.

— Цікавымі былі развагі палякаў пра стаўленне беларусаў да ўварвання ва Украіну. 43 % лічаць беларусаў пасіўнымі, 39 % — што беларусы падтрымоўваюць Украіну, 12 % — што Расею. У Беларусі рэжым, як вядома, забараняе незалежныя апытанні. Як, на вашу думку, насамрэч выглядае меркаванне беларусаў пра вайну?

— Не маю паняцця. Я ўстрымоўваюся ад спекуляцыйных меркаванняў, заснаваных на здагадках. Без вынікаў даследавання ў мяне няма падставаў для таго, каб скласці меркаванне пра беларускае грамадства. Ускосная падказка для мяне – нежаданне дыктатара ўцягваць беларускія сілы ў вайну ва Украіне. Магчыма, фактар стрымання – няўпэўненасць у грамадскім рэзанансе.

— Мне падаецца пазітыўным, што нягледзячы ні на што відавочная большасць палякаў хоча падтрымаць справу незалежнасці, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі ды падтрымоўвае беларускіх уцекачоў. Дык мо стаўленне да беларусаў не такое негатыўнае, як вынікае з іншых адказаў?

— Жывая цікавасць палякаў да імігрантаў і ўцекачоў з Беларусі, да якіх мы ставімся як да людзей, якія шукаюць прытулку ад пераследу, моцна ўплывае на польскае ўяўленне і спрыяе салідарнасці. Улічваючы наступствы вайны, я рады, што сярод палякаў па-ранейшаму існуе высокае падтрыманне актыўнай дапамогі Беларусі ў барацьбе з рэжымам і перакананне, што дэмакратычная і свабодная Беларусь – доўгатэрміновы інтарэс Польшчы.

— Чаму полк Каліноўскага нямоцна ўплывае на тое, як успрымаюць беларусаў у Польшчы? Мне падавалася, што ён даволі вядомы і папулярны ў Польшчы, пра што сведчыць, напрыклад, тое, як ахвотна палякі дасылаюць грошы ў зборах на яго патрэбы. Аднак апытанне гэтага не паказвае.

— Людзі, якія займаюцца той ці іншай праблемай, часта робяць памылку, праектуючы ўласныя ідэі на іншыя сацыяльныя групы, лічачы, што тое, што ім відавочна, павінна быць відавочным і для іншых. Папулярнасць у экспертна-журналісцкай бурбалцы мала што кажа пра грамадскае ўспрыманне. Сярод іншага, апытанні маюць на мэце паказаць рэалістычнасць гэтых «відавочных» перакананняў. Полк Каліноўскага занадта слаба вядомы большасці палякаў, каб карэнным чынам змяніць іх уяўленне пра беларусаў. Асвятленне ў медыях дзеянняў Лукашэнкі і рэжыму непрапарцыйна большае, нават у тых СМІ, якія відавочна сімпатызуюць беларускай апазіцыі.

— Мо праблема ў нізкай актыўнасці беларускай дыяспары?

— Калі беларусы хочуць супрацьстаяць негатыўнаму ўплыву рэжыму Лукашэнкі на тое, як іх успрымаюць, дыяспара павінна быць больш актыўнай у публічнай прасторы. Вядома, цяпер гэта складаней, чым два гады таму, у сувязі з уцягваннем Беларусі ў расейскую агрэсію, але парадаксальным чынам гэтыя абставіны могуць дапамагчы апазіцыйнай эліце, якая мае мандат на абгрунтаванне свайго адназначнага цывілізацыйнага выбару і адмовы ад уяўнага балансу паміж Усходам і Захадам.

Гутарыў Марцін Герман belsat.eu

 

Стужка навінаў