Шэрыя схемы тытунёвага бізнесу: як прыструніць беларускую цыгарэтную мафію


Днямі прайшла інфармацыя, што ў Беларусі з’явіўся новы вытворца цыгарэтаў – кампанія «Сентоні ПРА». Прадпрыемства заявіла пра выраб 29 марак пяці міжнародных брэндаў – «Vogue», «Kent», «Rothmans», «Pall Mall» і «Lucky Strike». І ўсё б нічога, але пад новымі назвамі мы бачым цалкам вядомыя імёны і прозвішчы. Разбіраемся, як беларускія падрэжымныя бізнесоўцы спрабуюць абысці заходнія санкцыі і што рабіць, каб спыніць паток беларускіх цыгарэт у Еўропу. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stanislaw Bielski / Reporter / East News

Цыгарэтны рынак у Беларусі даволі закрыты і з нядаўняга часу практычна цалкам падсанкцыйны. Тут ёсць тры гульцы. Самы стары і асноўны – дзяржаўнае прадпрыемства «Тытунёвая фабрыка «Нёман». А таксама два прыватныя гульцы: «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса і «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна. Апошняга называюць «гаманцом Лукашэнкі», за што ён трапіў пад заходнія санкцыі. 5 снежня 2023 года супраць «Тытунь-Інвесту» і яго ўладальнікаў Паўла Тапузідыса і Віктара Пятровіча ЗША ўвялі санкцыі.

Аб’ектыў
«Сентоні ПРА»: з’явіўся новы гулец на рынку тытуню
2024.02.28 20:30

Зразумела, што з’яўленне новага гульца на беларускім рынку, ды яшчэ з магчымасцю выпускаць замежныя брэнды, прыцягнула ўвагу. І не дарма: юрыдычны адрас кампаніі «Сентоні ПРА» пазначаны як Менск, вул. Кальварыйская, д. 24, каб. 418. Менавіта там месціцца адзін з гіпермаркетаў «Карона» – сетка крамаў, якою валодае Павел Тапузідыс. У якасці складу «Сентоні ПРА» ўказалі адрас, па якім месціцца склад усё той жа кампаніі «Тытунь-Інвест».

«Варта разумець, што гэта не новая фабрыка, якая з’явілася ў Беларусі, а новая юрыдычная асоба, якая будзе займацца вырабам цыгарэт і іх продажам у аптовым гандлі. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з адрасам бізнесу Паўла Тапузідыса і Віктара Пятровіча. Фактычна, на магутнасцях кампаніі «Тытунь-Інвест» створаная новая юрыдычная асоба, каб займацца вытворчасцю і продажам цыгарэтаў», – адзначыў у каментары «Белсату» журналіст расследавальніцкага выдання «Бюро» Аляксандр Ярашэвіч.

Афіцыйна новай кампаніяй валодаюць Сяргей Карповіч і «Буд-АнДзi». Карповіч – работнік «Тытунь-Інвесту». Раней ён ужо быў саўладальнікам іншых звязаных з гэтым бізнесоўцам кампаніяў. «Буд-АнДзi» належыць Андрэю Піскарову. Ён пачынаў кар’еру ў МЗС, працаваў на буйнога бізнесоўца Юрыя Чыжа, а пасля быў бізнес-партнёрам Сяргея Чыжа (сына Юрыя Чыжа) і Дзмітрыя Алексіна (сына Аляксея Алексіна). У канцы мінулага года Піскароў згадваўся ў расследаванні пра пастаўкі падчас санкцыяў люксавых аўтамабіляў з Еўропы ў Расею праз Беларусь.

«Напрыканцы 2023 года «Тытунь-Інвест», Павел Тапузідыс і Віктар Пятровіч трапілі пад амерыканскія санкцыі, якія значна абмяжоўваюць іх бізнес. Асноўная перашкода – пераводзіць грошы праз банкаўскія рахункі: калі ты замаўляеш за мяжой прадукцыю, якая неабходная для вытворчасці цыгарэт, банк правярае атрымальніка грошай і таго, хто гэтыя грошы пералічвае. Калі там будуць прозвішчы Тапузідыса і Пятровіча, то такія пералікі могуць быць заблакаваныя. Тут жа ўзнікла цалкам «чыстая» кампанія, якой няма ні ў якіх спісах. Яе кіраўнікі таксама не ў санкцыйным спісе, таму праз гэтую структуру можна праводзіць розныя аперацыі», – кажа Аляксандр Ярашэвіч.

«Нёман», «Тытунь-Інвест» і «Інтэр Табака» ва ўмовах санкцыяў працягваюць прадаваць цыгарэты ў Беларусі і Расеі. Не забываем і пра кантрабандныя шляхі дастаўкі цыгарэт на заходнія рынкі (так, напрыклад, марку «Менск» фабрыкі «Нёман» можна проста купіць у Польшчы і Літве). У кампаній узнікаюць праблемы з набыццём сыравіны, запчастак для рамонту ці новага абсталявання для вырабу цыгарэт. Новая юрасоба спатрэбіцца, каб абысці гэтыя перашкоды і санкцыі, а таксама прадаваць прадукцыю ў краіны Блізкага Усходу, бо там таксама правяраюць, ці ёсць кампанія ў санкцыйным спісе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандр Ярашэвіч звярнуў увагу на адну цікавую акалічнасць, звязаную з Аляксеем Алексіным. Рэч у тым, што яму дазволілі зайсці на беларускі рынак пасля нарады Лукашэнкі ў 2017 годзе. Тады, як мы памятаем, Алексін атрымаў дазвол паставіць ва ўсёй краіне тысячы шапікаў «Табакеркі», праз якія ён прадае свае цыгарэты, а таксама пабудаваць уласную тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака» пад Менскам у свабоднай эканамічнай зоне (то бок з дадатковымі прэферэнцыямі).

Акрамя гэтага, Алексін атрымаў кантроль над збытам прадукцыі, якую вырабляюць на фабрыцы «Нёман». Збытам займаецца ягоная іншая кампанія – «Энерга-Оіл». То бок Аляксей Алексін з 2017–2018 года кантралюе збыт прадукцыі дзвюх з трох тытунёвых фабрык у Беларусі.

«Ёсць інфармацыя, што Алексін спрабуе падмяць пад сябе і бізнес Тапузідыса, цісне на яго рознымі шляхамі, каб выкупіць кампанію «Тытунь-Інвест». Цяпер жа з’яўляецца новая кампанія, сярод уладальнікаў якой ёсць Андрэй Піскароў, – чалавек, звязаны з Аляксеем Алексіным. У мяне з’явілася гіпотэза, што Алексін даціснуў Тапузідыса і атрымаў сваю долю ў навастворанай кампаніі, якая фактычна заменіць «Тытунь-Інвест» на беларускім рынку», – разважае Аляксандр Ярашэвіч.

Як прыструніць цыгарэтную мафію

Сапраўднай «аперацыяй прыкрыцця» называе з’яўленне кампаніі «Сентоні ПРА» на рынку прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. Кампаніі, якія трапілі пад санкцыі, не могуць выпускаць цыгарэты міжнародных брэндаў і атрымаць доступ да заходніх рынкаў, а вельмі хочацца.

«Каб беларускія праўладныя алігархі не мелі магчымасці выкарыстоўваць міжнародныя брэнды, трэба, каб самі гэтыя брэнды займалі зразумелую пазіцыю ў супрацы з рэжымам, якія ўдзельнічаюць у ваеннай агрэсіі. Трэба аказваць на іх медыйны ціск, каб яны не працавалі з Беларуссю і Расеяй», – перакананы Аляксандр Ярашэвіч.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Як прыструніць беларускую цыгарэтную мафію і не даць ёй магчымасць абысці санкцыі? Юрыст Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» адзначае, што дзірку ў санкцыях можна закрыць.

«Ёсць два асноўныя аўтары санкцыяў: Еўразвяз і ЗША. Калі казаць пра персанальныя санкцыі, то гэта хутчэй датычыць ЗША, там сапраўды ёсць прывязка да персаналіяў. Але гэта не дае лёгкага спосабу іх абыходжання, бо ў заканадаўстве ЕЗ і ЗША ёсць такое паняцце, як «фінальны бенефіцыяр». Таму сітуацыя, калі нейкі бізнесмен адкрывае кампанію, але шчыльна звязаны з бізнесам, што застаецца пад санкцыямі, так проста не пройдзе. Галоўнае – знайсці доказы, што гэтая асоба выконвае ролю намінальнага кіраўніка. Праваабарончыя сістэмы ЕЗ і ЗША не ўчора нарадзіліся, санкцыі ўводзяцца і супраць іншых краін, напрыклад, Ірану, і ўсе гэтыя спосабы іх абыходжання добра вядомыя. Што да ЕЗ, там наогул падсанкцыйны беларускі тытунь як род тавару», – кажа эксперт.

У НАУ ёсць прапановы, датычныя паляпшэння санкцыйнай палітыкі Захаду. Па-першае, трэба павялічыць адказнасць і больш уважліва ставіцца да спробаў абыходзіць санкцыі.

«Такія спробы абыходжання ёсць, пра іх робяць расследаванні. Але пакуль мы, на жаль, не бачым крымінальных справаў за спробы абыходзіць санкцыі. Хаця падставы на гэта на ўзроўні закону ёсць. Не хапае палітычнай волі, рашучасці і паслядоўнасці ў дзеяннях Захаду. База доказаў рэгулярна збіраецца беларускімі журналістамі і актывістамі.

У ЗША ёсць магчымасць уводзіць другасныя санкцыі, калі кожная кампанія, якая дапамагае абыходзіць амерыканскія санкцыі, сама ім падвяргаецца, і гэта тое, чаго кампаніі баяцца. Беларусь займае невялікую долю рынку, і рызыкаваць дзеля яе буйная кампанія не стане. Рызыкаваць будуць толькі маленькія кампаніі, арыентаваныя на расейскі і беларускі рынкі», – перакананы Міхаіл Кірылюк.

Акрамя гэтага, НАУ настойвае на сектаральных санкцыях, якія, адрозна ад персанальных, немагчыма абысці шляхам змены юрыдычнай асобы.

«Мы заклікаем быць больш уважлівымі да кантрабанды. Бо тое, што ў СМІ называецца «спосабамі абыходу санкцыяў» часта проста кантрабанда.  Тут ужо пытанне, наколькі ўважліва еўрапейская мытня пільнуе гэтую справу», – адзначае эксперт.

Hавiны
Польская мытня затрымала кантрабанду цыгарэт з Беларусі на мільён долараў
2024.02.27 21:33

НАУ таксама настойвае на ўвядзенні квотаў на транзіт. Згодна з расследаваннямі, пад выглядам транзіту ў Беларусь і Расею працягваюць паступаць санкцыйныя тавары. Так, у якасці канчатковага пункту ўказваюцца трэція краіны, нібыта тавары праз Беларусь і Расею вязуць у Арменію ці Азербайджан. Але фактычна яны застаюцца ў Беларусі і Расеі.

Гэта тыя некалькі крокаў, якія можна зрабіць ужо цяпер.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў