Амбасадары напісалі “Лісты з-пад шыбеніцы”


Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі прайшла ў бібліяэцы імя Адама Міцкевіча ў Меску 16 траўня пры ўзеле амбасадараў ЕЗ ды Украіны.

Пісалі „Лісты з-пад шыбеніцы” нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Тэкст дыктоўкі ўзялі з падручніка беларускай літаратуры за 9 клас сярэдняй школы.

Алесь Ліпай, дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, зазначыў, што „дыктоўка з’яўляецца акцыяй салідарнасці з беларускай мовай, якая фактычна рэпрэсаваная ў Беларусі”.

Гэтым разам дыктоўка ладзілася як эстафета, калі кожны ўдзельнік піша і дыктуе толькі адзін сказ і падпісваецца сваім імем з пазначэннем пасады. Такія правілы акрэсліў ініцыятар акцыі, кандыдат філасофскіх навук дацэнт Уладзімір Падгол. Ён жа прапанаваў зрабіць копіі напісанага тэксту дыктоўкі ды даслаць яго беларускім палітзняволеным.

Дыктоўку пачалі пісаць маці ды дачка былога кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна, а скончылі – амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і Уладзімір Падгол.

У акцыі бралі ўдзел прыблізна 30 чалавек, у тым ліку маці палітзняволеных Вячаслава Сіўчыка, Славаміра Адамовіча, Эдуарда Лобава, Яўгена Афнагеля, Мікалая Астрэйкі ды Фёдара Мірзаянава, праваабаронца, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне аховы правоў чалавека Валерый Шчукін, прадпрымальнік Алесь Таўстыка і распаўсюднік незалежнай прэсы, лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Барыс Хамайда.

belsat.eu

Стужка навінаў