Халіп: Выклічу брыгаду, каб прыбралася і каб духу КДБ не засталося


Першае, што зробіць пасля ўмоўнага вызвалення журналістка і жонка экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, – напіша ліст мужу і памяняе замкі ў кватэры.

Адразу пасля вызвалення ў зале суду Ірына Халіп распавяла калегам пра свае планы. Яна нагадала, што не бачыла мужа пяць месяцаў. Другая паводле важнасці справа пасля ліста – “змяніць замкі ў кватэры, бо ключы ад іх пераходзілі з рук у рукі, як станіца падчас грамадзянскай вайны. Выклічу прафесійную брыгаду, каб прыбралася, каб духу кадэбэшнага ў маім доме не засталося. Пагуляю з Данікам, а потым буду абскарджваць прысуд”.

Паводле Ірыны Халіп, гэта ненармальна – радавацца, калі цябе “не пасадзілі, а адпусцілі ўмоўна”. Пры гэтым яна падкрэсліла, што ёй далі 2 гады з адтэрміноўкаю прысуду, а гэта значыць, што яе зноў будуць судзіць. “Суд будзе вызначаць, ці стала я на шлях выпраўлення, ці зрабілася законапаслухмяным чалавекам. А хто ў нашай краіне назаве незалежнага журналіста законапаслухмяным чалавекам?”

Аднак найбольш Ірыну Халіп турбуе прысуд, вынесены мужу, – 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. “Хоць я выдатна разумею, што ён не будзе сядзець усе пяць гадоў, што яго абмяняюць на жратву і крэдыты, – заўважыла яна і падкрэсліла, што лічыць Андрэя Саннікава нацыянальным героем: – Вацлаў Гавэл у свой час быў асуджаны на чатыры гады, але пасля стаў прэзідэнтам”.

Нагадаем, што 16 траўня Ірыне Халіп прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання пакарання на 2 гады, Паўлу Севярынцу – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, Сяргею Марцалеву – 2 гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады. Усе яны збіраюцца абскардзіць прысуды.

belsat.eu
https://youtu.be/76o8xE_7Ktg

Глядзі таксама
Каментары