У судзе Някляеў піша вершы, а Вазняк чытае Леніна


Разгляд справы працягнецца 16 траўня а 10-й гадзіне. Сёмы дзень працэсу (14 траўня) нечаканасцяў не прынёс. Пракурор зачытваў тамы крымінальнай справы, падсудныя займаліся сваімі справамі.

Усяго ў крымінальнай справе Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты і Насты Палажанкі 29 тамоў. Большасць іх тычыцца праслухоўвання тэлефонных размоваў падсудных падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама падзеяў 19 снежня.

Пракурор Андрэй Кажэўнікаў чытаў вельмі неразборліва. Большасць прысутных у зале шчыра сумавала. Як паведаміў праз “Тўітэр” Андрэй Дзмітрыеў, адзін з ахоўнікаў Уладзіміра Някляева і ўвогуле заснуў. Праўда, суддзя Жанна Жукоўская зрабіла заўвагу не ахоўніку, а Дзмітрыеву і Вазняку, за тое, што “адзін нешта ўвесь час піша, а другі чытае”.

Дарэчы, шмат хто з падсудных прыходзіць на працэс з кнігамі. Аляксандр Фядута прызнаўся, што чытае ў судзе вершы Мандэльштама, Хадасевіча і Някляева. Віталь Рымашэўскі (паводле Дзмітрыева) узяў пагартаць “Лісты баламута” Клайва Льюіса, Сяргей Вазняк прыйшоў з томам Уладзіміра Леніна. Уладзімір Някляеў выкарыстоўвае гэты час для напісання вершаў, а Наста Палажанка рассылае СМС.

Пасля таго, як пракурор прагартаў апошні 29-ы том, суддзя Жанна Жукоўская абвесціла перапынак у працэсе да 10-й гадзіны раніцы 16 траўня. У панядзелак суд будзе разглядаць аўдыё- і відэаматэрыялы справы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары