Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года


Міжнародныя крызісы апошніх гадоў прымушаюць палітыкаў, экспертаў і журналістаў усё часцей казаць пра глабальнае супрацьстаянне дэмакратыяў і аўтарытарных рэжымаў, якія хочуць змяніць правілы гульні ў свеце. Belsat.eu падсумоўвае геапалітычныя вынікі 2023 года і распавядае, на якіх кірунках цяпер разгортваецца гэтае супрацьстаянне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбываюць на прэс-канферэнцыю ў Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША. 12 снежня 2023 года.
Фота: Mandel Ngan / AFP / East News

Мары пра новы сусветны парадак

20 кастрычніка, выступаючы на прыёме ў Белым доме, прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты Амерыкі маюць магчымасць аб’яднаць свет і ўмацаваць перспектывы міру, калі амерыканцы будуць дастаткова смелыя і ўпэўненыя ў сабе.

«Мы жылі ў пасляваенны перыяд цягам 50 гадоў, калі гэта працавала надзвычай добра, але гэта як бы вычарпалася… Патрэбны новы сусветны парадак», – адзначыў ён.

Пракрамлёўскія прапагандысты ўчапіліся за словы Байдэна пра «новы парадак», каб, спекулюючы на двухсэнсоўных канатацыях гэтага паняцця, звінаваціць Захад у агрэсіўных планах. Аднак насамрэч мара пра новы сусветны парадак ужо даўно апанавала думкі зусім не заходніх палітыкаў, а наадварот – лідараў аўтарытарных дзяржаваў. Пра гэта цягам 2022–2023 гадоў неаднойчы казалі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, старшыня КНР Сі Цзінь Пін, іранскі аятала Алі Хамэнэі і нават самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адпаведна, Байдэн і аўтарытарныя лідары ўкладалі ў паняцце «новы сусветны парадак» проста супрацьлеглыя сэнсы.

Для аўтарытарыяў гэта перадусім барацьба з «гегемоніяй Захаду» і стварэнне «шматпалярнага свету». Гэта мара пра падзел планеты на сферы ўплыву, для якіх не можа існаваць універсальных нормаў накшталт правоў чалавека, дэмакратыі або міжнароднага права. Напрыклад, для Пуціна гэта, хутчэй за ўсё, у ідэале мусіць выглядаць як умоўнае вяртанне да ялцінска-потсдамскай сістэмы, калі Захад дэ-факта прызнаваў права СССР вызначаць лёс паловы Еўропы. А «новы парадак» для ЗША – гэта стварэнне эфектыўных механізмаў супрацьдзеяння агрэсіўным рэжымам, якія імкнуцца да новага перадзелу свету і змены правілаў гульні.

Два фронты глабальнага змагання

Экзістэнцыйным выклікам для сусветнага парадку стала поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну ў 2022 годзе. У 2023 годзе да еўрапейскага крызісу дадалася вайна на Блізкім Усходзе.

Напад на Ізраіль групоўкі «Хамас», за якой стаіць Іран, прывёў да найбуйнейшай ваеннай эскалацыі ў рэгіёне за апошнія паўстагоддзя. Быў падарваны мірны працэс на Блізкім Усходзе, які развіваўся вельмі паспяхова. Пачынаючы з 2020 года Ізраіль пры пасярэдніцтве ЗША заключыў «аўраамавы пагадненні» з шэрагам арабскіх краінаў, а наступным крокам мусіла стаць дамова паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй, якую медыі анансавалі як найважнейшую падзею на Блізкім Усходзе за апошнія дзесяцігоддзі. Нармалізацыя стасункаў паміж ізраільцянамі і арабамі мусіла прывесці да доўгатэрміновай стабілізацыі рэгіёну, у чым «Хамас» і Іран не былі зацікаўленыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты стаяць побач з магілай сяржанта Шая Арваса, забітага 31 кастрычніка падчас наземнай аперацыі Цагалю ў сектары Газа, на вайсковых могілках на ўскраіне Тэль-Авіву, Ізраіль. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Bernat Armangue / AP Photo / East News

Некаторыя эксперты думаюць, што менавіта на гэтым палягае галоўная прычына тэрарыстычнай атакі на Ізраіль 7 кастрычніка. Пасля гэтага Цагаль распачаў ваенную аперацыю ў сектары Газа, што выклікала абурэнне ў мусульманскім свеце (і не толькі). У выніку перамовы дзеля пагаднення Ізраілю і Саудаўскай Аравіі былі адкладзеныя. Перспектывы вяртання да мірнага працэсу цяпер выглядаюць туманна і дасюль незразумела, што ў прынцыпе будзе з сектарам Газа пасля вайны. Як і ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Украіны, вяртанне да ранейшага статус-кво тут немагчымае.

Байдэн у сваёй рыторыцы ставіць знак роўнасці паміж РФ і «Хамасам». «І Пуцін, і «Хамас» спадзяюцца падарваць больш шырокую рэгіянальную стабільнасць і інтэграцыю і скарыстацца ўзніклай бязладзіцай», – напісаў амерыканскі лідар у калонцы для «The Washington Post».

Белы дом падкрэслівае, што слабасць і няўпэўненасць, праяўленыя пры гэтых выкліках, пагражаюць маштабнай эскалацыяй і будуць дорага каштаваць ЗША. Аднак выглядае, што ў амерыканскім грамадстве гэтыя канфлікты не ўспрымаюцца як безумоўныя экзістэнцыйныя пагрозы. Грамадскія настроі ў ЗША вагаюцца, колькасць прыхільнікаў дапамогі Украіне і Ізраілю то расце, то падае. Затое на першы план выйшлі пытанні міграцыі і сітуацыі на мяжы з Мексікай – гэта прыярытэтная тэма для 74 % насельніцтва, у тым ліку 93 % электарату Рэспубліканскай партыі. У выніку рэспубліканцы могуць сябе дазволіць з гэтае нагоды блакаваць новы пакет фінансавання для Украіны і Ізраілю.

Крызіс заходняй дапамогі на фоне пазіцыйнага тупіку на фронце спрыяе росту песімістычных настрояў. «А што, калі Пуцін перамагае? Саюзнікі ЗША асцерагаюцца паразы – у той час як дапамога Украіне спыненая», – з такім паказальным загалоўкам апублікавала артыкул агенцтва «Bloomberg» у снежні. У аўтарытэтных медыях заходнія чыноўнікі і дыпламаты на ўмовах ананімнасці дзеляцца сваімі думкамі пра магчымы выхад з сітуацыі: замарожванне канфлікту або ўгоды з Крамлём за кошт тэрытарыяльных саступак.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Асэнсаванне выклікаў і папулісцкая пагроза

Сітуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш, калі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША восенню 2024 года пераможа Доналд Трамп. Лічыцца, што Трамп здольны не толькі згарнуць дапамогу Украіне, але і адмовіцца ад падтрымання саюзнікаў NATO, што дэ-факта прывядзе да развалу Альянсу.

Гэта прымушае Еўропу задумацца пра тое, што трэба весці самастойнейшую абаронную палітыку і не спадзявацца толькі на ЗША. Усё часцей гучаць заклікі да пашырэння выдаткаў на абарону і стварэння масавай абароннай вытворчасці. Пры гэтым расце разуменне, што расейская пагроза для Еўропы будзе трываць доўга. Нават калі вайна ва Украіне будзе замарожаная, праблема нікуды не знікне.

Пагроза з боку РФ турбуе не толькі краіны Балтыі і Польшчу. Флагманам пераасэнсавання выклікаў еўрапейскай бяспекі можна лічыць урад Нямеччыны, які ў 2024 годзе плануе ўдвая павялічыць дапамогу Украіне. Нямецкі міністр абароны Борыс Пісторыюс выступіў з заклікам правесці маштабную мадэрнізацыю бундэсвэру (спецыяльны фонд на гэтыя мэты быў створаны яшчэ летась), каб нямецкая армія адпавядала «патрабаванням ваеннага часу» і была гатовая да абарончай вайны з РФ. Кіраўніца МЗС Аналена Бэрбак заявіла, што замарожванне вайны ва Украіне дазволіць Расеі аднавіць свой ваенны патэнцыял і пагражаць усёй Еўропе. Паводле Нямецкай рады замежнай палітыкі (DGAP), у такім выпадку Расеі спатрэбіцца 6-10 гадоў, каб падрыхтавацца да нападу на NATO.

Hавiны
Генерал бундэсвэру: Аднойчы нам, магчыма, давядзецца весці абарончую вайну з Расеяй
2023.12.10 11:33

Як і ў выпадку ЗША, здольнасць супрацьстаяць вонкавым выклікам можа істотна аслабляцца грамадскімі настроямі і ўнутранымі спрэчкамі. На маштабнае павышэнне выдаткаў на абарону трэба яшчэ атрымаць карт-бланш ад электарату.

У той жа Нямеччыне сацыялагічныя апытанні паказваюць: расейская агрэсія супраць Украіны турбуе немцаў амаль утрая меней за эканоміку ды міграцыю, чым патэнцыйна могуць скарыстацца папулісты. А ў Славаччыне, напрыклад, у 2023 годзе на выбарах перамагла партыя, што абяцала спыніць падтрыманне Украіны. Невыпадкова вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль кажа пра тое, што выбары ў еўрапейскіх краінах могуць быць не менш лёсавызначальнымі, чым у ЗША, і пагроза перамогі ў некаторых краінах папулістаў цалкам рэальная.

Якія наступствы гэта будзе мець, можна пабачыць на прыкладзе Вугоршчыны, якая ўсё больш скандальнымі метадамі падрывае адзінства Еўразвязу. Вугорскі прэм’ер Віктар Орбан на нядаўнім саміце пайшоў на адкрыты шантаж Брусэлю сваім накладаннем вета на вылучэнне фінансавай дапамогі Украіне.

Агляд
Манеўр (без) Орбана. Украіну запрасілі ў Еўразвяз, але грошай пакуль не далі
2023.12.15 17:35

Кітай: свая гульня на баку «восі зла»

Калі Украіна і Блізкі Усход ёсць гарачымі франтамі змагання за новы сусветны парадак, то КНР часцяком прыпісваюць яшчэ адзін, нябачны фронт.

«Мы сутыкнуліся з воссю зла – Кітаем, Расеяй і Іранам», – заявіў кіраўнік сенацкай меншасці ЗША, рэспубліканец Мітч Макконэл.

Белы дом такіх рэзкіх фармулёвак, вядома, не дапускае. Аднак паказальна, што фінансавая дапамога Тайваню аб’яднаная ў агульны пакет з дапамогай Украіне і Ізраілю. Байдэн падкрэсліваў, што стабільнасць у Еўропе непарыўна звязаная са стабільнасцю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Хто можа пагражаць стабільнасці ў гэтым рэгіёне – ясна без тлумачэнняў.

Геапалітычныя планы Пекіну значна амбітнейшыя, чым проста вяртанне Тайваню. Фактычна КНР хоча заняць месца ЗША ў сусветнай палітыцы. Толькі на адрозненне ад Расеі ці Ірану кітайцы пакуль што плануюць дамагчыся сваіх мэтаў не ваеннай сілай, а з дапамогаю дыпламатыі і эканомікі (хаця і пра нарошчванне вайсковага патэнцыялу не забываюць).

Кітай шмат увагі надае міратворчым ініцыятывам, ён разглядае іх як спосаб умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне. У 2023 годзе Пекін займеў вялікую перамогу на гэтай ніве: дзякуючы кітайскаму пасярэдніцтву аднавілі дыпламатычныя стасункі Іран і Саудаўская Аравія. Гэты поспех даў падставы казаць пра рост уплыву КНР на Блізкім Усходзе. Праўда, іншыя міратворчыя ініцыятывы Пекіну, датычныя Украіны і сектару Газа, пакуль не мелі плёну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Джо Байдэн вітае прэзідэнта Кітая Сі Цзінь Піна ў кулуарах саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы. Ўудсайд (Woodside), ЗША.
Фота: Doug Mills / The New York Times / AP / East News

2023 год пацвердзіў, што Сі Цзінь Пін робіць стаўку на аб’яднанне пад крылом КНР усіх, хто мае прэтэнзіі да «гегемоніі Захаду» – у першую чаргу краінаў глабальнага Поўдня. Аднак палітыка Пекіну (прынамсі, пакуль) не разлічаная на стварэнне двух непрымірымых блокаў на ўзор халоднае вайны. Кітай не збіраецца паводле прыкладу РФ пераходзіць у адкрытую канфрантацыю з Захадам і губляць асноўныя рынкі збыту тавараў. ЗША і ЕЗ, у сваю чаргу, хаця і маюць шмат прэтэнзіяў да Кітаю, таксама робяць стаўку на зніжэнне рызыкаў.

Таму 2023 год у стасунках Захаду і КНР адзначыўся пэўнай разрадкай і адлігай. У снежні ўпершыню за чатыры гады адбыўся саміт ЕЗ – Кітай. У лістападзе Сі і Байдэн правялі двухбаковую сустрэчу, на якой дамовіліся аднавіць наўпроставыя кантакты вайскоўцаў, што былі перарваныя летась. Кітайскі лідар паабяцаў не нападаць на Тайвань, хаця адначасова распавёў пра ўмовы, пры якіх сіла можа быць скарыстаная. Падчас сустрэчы Сі заўважыў, што «на планеце Зямля дастаткова месца», каб ЗША і КНР «былі паспяховымі» – у гэтых словах цяжка не ўбачыць прасоўвання біпалярнай канцэпцыі свету.

Пры гэтым пра прарыў у стасунках КНР і Захаду казаць не выпадае. Для ЗША і ЕЗ цяпер важна, каб Сі асудзіў агрэсію супраць Украіны і здзейсніў ціск на РФ. Амерыканцы хочуць, каб кітайцы паўплывалі яшчэ і на Іран. Аднак Пекін не плануе дапамагаць Захаду. Замест гэтага КНР хаваецца за нібыта нейтральнай пазіцыяй і ў сваіх міратворчых ініцыятывах фактычна ставіць знак роўнасці паміж агрэсарам і ахвярай, што выгадна якраз агрэсарам.

Аналітыка
Байдэн перамовіў з «дыктатарам» Сі. Пра што (не) змаглі дамовіцца Кітай І ЗША
2023.11.17 19:29

Хто перамагае?

«Мы можам лунацічна ўвайсці ў свет аўтакратыяў, калі дазволім дыктатарам перамагчы, і гэта надзвычай небяспечна», – заявіў нядаўна міністр абароны Вялікай Брытаніі Грант Шэпс у інтэрв’ю «The Sunday Times».

Шэпс, як і некаторыя іншыя заходнія палітыкі, бачыць падзеі апошніх гадоў як глабальную барацьбу дэмакратыяў і аўтакратыяў. У пэўным сэнсе так і ёсць. Але не варта ўяўляць умоўную «вось зла» як нейкую рэальную кааліцыю дыктатураў, што шчыльна каардынуюць свае дзеянні. Напрыклад, нягледзячы на заявы афіцыйнага Кіева, няма ніякіх доказаў, што Масква спрычынілася да нападу «Хамасу» на Ізраіль.

Кожны новы канфлікт на планеце выгадны аўтакратыям таму, што ён, па-першае, адцягвае ўвагу міжнароднай супольнасці ад іх уласных дзеянняў, а, па-другое, расхіствае існы заходнецэнтрычны сусветны парадак і дазваляе дыктатарам зразумець, як далёка яны могуць зайсці.

Падзеі апошніх гадоў сапраўды прывялі да збліжэння аўтакратыяў. Аднак іх супраца ў значнай ступені сітуацыйная і мае свае межы.

Пекін, напрыклад, ва ўмовах вайны ва Украіне палітычна і эканамічна падтрымлівае Расею, але гэта зусім не бескарыслівая дапамога – кітайцы на гэтым добра зарабляюць. Пры гэтым пастаўляць зброю свайму «дарагому сябру» Сі адмаўляецца, анексіі ўкраінскіх тэрыторыяў не прызнае і размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі не вітае. Іран зброю РФ пастаўляе, але прызнаваць гэта афіцыйна асцерагаецца і анексіі таксама не прызнае. 2023 год увогуле скончыўся для Масквы і Тэгерану дыпламатычным скандалам, справакаваным жаданнем Пуціна зблізіцца з багатымі арабскімі краінамі.

Усё гэта ёсць найлепшай ілюстрацыяй таго факту, што насамрэч, нягледзячы на ўсе спрэчкі і ваганні, дэмакратычны свет апошнімі гадамі дэманструе значна больш еднасці ў ключавых пытаннях, чым так званая «вось зла».

Для Захаду 2023 год стаўся вельмі няпростым: выклікі працягваюць нарастаць і пэўнасці ў заўтрашнім дні відавочна паменела. Аднак называць 2023 год пераможным для аўтарытарных прыхільнікаў новага сусветнага парадку таксама няма падставаў.

Крэмль не здолеў схіліць Захад і Украіну да прынцыповых саступак, дапусціў пашырэнне NATO і працягвае страчваць уплыў на постсавецкай прасторы. Актыўная пазіцыя ЗША адносна сітуацыі на Блізкім Усходзе пакуль паспяхова стрымлівае Іран ад адкрытага ўваходу ў вайну, а іранскі саюзнік «Хамасу», бадай, усё ж такі згубіць кантроль над сектарам Газа. Вынікі 2023 года для Кітаю таксама неадназначныя: крызіс папярэдніх мегапраектаў відавочны, эканоміка дае збоі, а стаць арбітрам у ключавых крызісах сучаснасці Пекін пакуль не здолеў.

Вызначальныя бітвы за «новы сусветны парадак» застаюцца наперадзе і гарантаванага пераможцы ў гэтым супрацьстаянні яшчэ не відаць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў