Выйшлі на волю палітзняволеныя Аляксей Кудзін і Дзяніс Гапоненка


Палітзняволеныя Аляксей Кудзін і Дзяніс Гапоненка – на волі. Пра гэта паведамляюць «Вясна» і «Рэгіянальная газета».

Аляксей Кудзін.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Як стала вядома выданню, 28 снежня выйшаў на волю палітзняволены Аляксей Кудзін. Інфармацыю аб вызваленні спартоўца пацвердзіла яго жонка Таццяна. Летам 2021 года Кудзіна асудзілі на 2,5 года калоніі за супраціў міліцыянтам падчас паслявыбарчых акцыяў пратэсту ў Маладзечне. Да суда спартовец уцёк у Расею і прасіў там палітычнага прытулку, але яго дэпартавалі ў Беларусь. Кудзін – шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе.

Сёння ж праваабаронцам стала вядома, што цалкам адбыў тэрмін зняволення і выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15 электрык Гомельскай ЦЭЦ Дзяніс Гапоненка.

Дзяніс Гапоненка цалкам адбыў тэрмін.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Ён быў затрыманы год таму, 23 снежня 2021 года, затым яго асудзілі на 12 месяцаў пазбаўлення волі. Гапоненку вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Нібыта 12 жніўня 2020 года ў адкрытым тэлеграм-чаце ён заклікаў людзей выходзіць на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў мірным спосабам, а таксама да блакавання дарог і страйку.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў