Дэградацыя школы зайшла ў піке: што адбываецца з беларускай адукацыяй і што рабіць бацькам


Тое, што робіцца з беларускай школай і адукацыяй, можна назваць адным словам – боль. Перапісванне падручнікаў, чыстка кадраў паводле крытэру лаяльнасці, спробы загнаць усе прадметы ў адзіную ідэалагічную форму і выхаванне патрыятызму нават на ўроках фізікі і працы. Чарговым цвіком у труну беларускай адукацыі стала фактычная ліквідацыя прыватных школаў.

Прыватныя школы ў Беларусі – усё?

У кастрычніку ў Беларусі прынялі закон аб ліцэнзаванні. Ён прадугледжвае неабходнасць атрымання абавязковай ліцэнзіі ўсімі школамі і дзіцячымі садкамі. Да моманту атрымання такой ліцэнзіі прыватным школам працаваць забаранілі. У той жа час дзяржаўныя працягнулі працу. Прыватныя школы зачынілі – і забылі, больш за месяц не адбывалася ніякіх зменаў. Ліцэнзаванне пачалося толькі з 14 лістапада, толькі з гэтага моманту стала зразумела, якія дакументы трэба падрыхтаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

«Некаторыя прыватныя школы не вытрымалі і сышлі з дыстанцыі, не будуць падавацца на ліцэнзаванне. І сапраўды, два-тры месяцы без працы і заробку вельмі цяжка перажыць. За арэнду, камунальныя паслугі, нейкія іншыя абавязковыя рэчы трэба ж плаціць, нягледзячы на прыпыненне дзейнасці», – кажа ў каментары «Белсату» прадстаўніца адной з прыватных школаў.

Тым часам навучэнцы з пачатку кастрычніка разышліся па дзяржаўных школах ці з’ехалі сем’ямі. Бацькі моцна падтрымліваюць адміністрацыі прыватных школаў і вельмі спадзяюцца, што праблема часовая, і пасля ліцэнзавання яны вернуцца назад.

«Цяжка ім, было шмат слёзаў. У дзеяннях улады няма логікі, зразумелага мыслення. Тое, што адбываецца, – гэта супраць законаў і злачынства супраць грамадства», – адзначае нашая суразмоўца.

Да чаго ідзе беларуская адукацыя і што ў такіх варунках рабіць бацькам? Пра гэта мы распыталі прадстаўніцу ў пытаннях адукацыі і навукі Офісу Святланы Ціханоўскай, прафесара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяну Шчытцову.

«Бацькі, добрыя настаўнікі і інтэрнэт даюць надзею, што сістэма будзе дэградаваць, а нашыя людзі – не»

– Закон аб ліцэнзаванні фактычна паставіў крыж на прыватнай адукацыі ў Беларусі. Чаму ўлады пайшлі на такі крок?

– Такі закон цалкам адпавядае генеральнай лініі палітыкі рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі працягваецца палітычны крызіс, рэжыму не ўдаецца забяспечыць новую стабільнасць у грамадстве, працягваюцца рэпрэсіі. У такой нестабільнай сітуацыі дзяржава падвышае ўзровень кантролю. Усе сацыяльныя інстытуты, і ці не ў першую чаргу – адукацыйныя, трэба кантраляваць, жорстка падпарадкаваць адзінай ідэалагічнай лініі.

У прыватнай школе, адрозна ад дзяржаўнай, больш незалежнасці – у прыняцці рашэнняў, у фармаванні кадравага складу і гэтак далей. Пэўная ступень свабоды і незалежнасці дазваляла ствараць больш пазітыўную, крэатыўную ўнутраную атмасферу – сярод настаўнікаў і саміх вучняў. І давала менш магчымасцяў для рэжыму прасоўваць там сваю ідэалогію і прапаганду.

Ліцэнзаванне школаў – дадатковы інструмент, які дазволіць дзяржаве кантраляваць сам феномен прыватных школаў. Мэта – адсекчы ад працы школы, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі. І нават калі нейкім прыватным школам дазволяць працаваць, гэта будзе адбывацца пад вельмі жорсткім кантролем. Гайкі будуць закручваць.

– Які стан адукацыі ў Беларусі цяпер? Да чаго прывядзе закручванне гаек у гэтай сферы?

– Я акрэслю гэты стан словам «дэградацыя». Нядаўна стала вядома, напрыклад, што на факультэце журналістыкі БДУ закрываюць аддзяленне міжнароднай журналістыкі. Гэта вельмі сімптаматычны сігнал. Рэжым вядзе краіну да стану закрытага грамадства, якое адмяжоўваецца ад глабальнага культурнага, інфармацыйнага, навуковага абмену і супрацоўніцтва. У нейкім сэнсе можна правесці аналогію з жалезнай заслонай у час Савецкага Саюзу. Логіка таталізацыі і фармавання закрытага грамадства – гэта натуральны шлях дэградацыі.

Прыродазнаўчыя навукі ў такіх варунках яшчэ могуць развівацца, але не гуманітарныя. А калі ў краіне не могуць развівацца гуманітарныя навукі, грамадства таксама не можа развівацца. Сёння навука патрабуе абмену міжнародным досведам, і я сумняюся, што нават у тэхнічнай галіне, матэматычных навуках магчымае нейкае развіццё, калі мы будзем адгароджвацца ад усяго свету.

Дэградацыя будзе імкліва працягвацца, з-за ідэалагічнага ціску і кантролю. Цяпер у вышэйшых установах адукацыі ёсць спецыяльныя людзі, якія кантралююць і ажыццяўляюць чысткі кадраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Што датычна школьнай адукацыі, гэтая логіка працуе і тут. Беларуская літаратура, гісторыя, грамадазнаўства, то бок дысцыпліны, якія звязаныя з асэнсаваннем свайго месца ў грамадстве і Беларусі ў свеце, будуць вельмі жорстка кантралявацца. Тут таксама адбывацца дэградацыя, якая будзе павышаць напружанасць у школах. Уявіце, як настаўнікам працаваць у такіх умовах.

– Што ў такім выпадку рабіць бацькам?

– Уся краіна не можа выехаць за мяжу. Людзі застаюцца, дзеткі працягваюць хадзіць у школу. Якія тут спадзяванні, што магчыма зрабіць? Першае: у краіне ёсць яшчэ добрыя настаўнікі, якія маюць кваліфікацыю, і ў цяжкіх умовах могуць знайсці магчымасці мінімізаваць уплыў прапаганды на дзетак. У межах выкладання сваёй дысцыпліны ў класе гэта магчыма. Настаўнікі могуць не станавіцца рупарам лукашэнкаўскай ідэалогіі і прапаганды.

Другое: ёсць шмат магчымасцяў атрымліваць інфармацыю і адукоўвацца праз інтэрнэт. Гэта магчымасць выхаду ў адкрыты свет, дзе адбываецца абмен думкамі, меркаваннямі. Стварэнне жалезнай заслоны немагчымае пры існаванні інтэрнэту.

Трэцяе: бацькі. Зразумела, што ў Беларусі людзі жывуць ва ўмовах рэпрэсіяў і сацыяльна-палітычнага крызісу, гэта вельмі цяжкі эканамічны і псіхалагічны ціск. Першая задача – выжыць, каб сям’я магла пратрымацца. Але спадзяюся, што нават у такіх цяжкіх умовах бацькі будуць размаўляць са сваімі дзецьмі, абараняць іх ад прапагандысцкага ціску, тлумачыць пэўныя рэчы.

Нягледзячы на імклівую дэградацыю сістэмы адукацыі, бацькі, добрыя настаўнікі і інтэрнэт даюць надзею, што сістэма будзе дэградаваць, а нашыя людзі – не.

«Беларусізацыя школьнай адукацыі мусіць адбывацца паступова і без ціску»

– Якія змены неабходныя беларускай адукацыі?

– Нам патрэбная фундаментальная рэформа адукацыі. Нашыя школы працуюць на падставе аўтарытарных метадаў, якія засталіся яшчэ з савецкага часу. Гэтая сістэма патрабуе рэфармавання на ўсіх узроўнях: гэта і метады навучання, і камунікацыі паміж настаўнікамі і вучнямі, адміністрацыяй і настаўнікамі. Савецкая традыцыя дыдактычнага выкладання дае мала магчымасцяў, каб дзеці раскрывалі свой крэатыўны патэнцыял. Сістэма адукацыі, метады выкладання ў беларускіх школах не спрыяюць раскрыццю і развіццю здольнасцяў да крытычнага мыслення і крэатыўнага ўяўлення. Гэта пацвярджае тэставанне PISA, якое праводзілася ў 2018 годзе. Нашыя дзеці праз сістэму адукацыі ўжо на пачатковых этапах аказваюцца менш падрыхтаваныя да таго, каб далучацца да розных працэсаў у глабальным складаным свеце.

Больш падрабязна пра вынікі тэставання і пра рэкамендацыі для сістэмы адукацыі распавядае ў серыі семінараў кансультант Офісу Святланы Ціханоўскай у пытаннях школьнай адукацыі Ігар Варакса: тут, тут і тут.

Рыхтавацца да рэформы вышэйшай і школьнай адукацыі трэба загадзя. У Беларусі яшчэ да 2020 года існавалі розныя экспертныя суполкі, у якіх распрацоўваліся праграмныя дакументы, сістэмнае бачанне таго, якое рэфармаванне трэба беларускай адукацыі. Напрыклад, гэтым займалася добра вядомае Таварыства беларускай школы. Нельга сказаць, што мы цяпер на нулі.

На базавым узроўні сярод экспертаў ёсць агульнае разуменне і кансэнсус. Калі пераходзіць да канкрэтыкі – як мусіць выглядаць рэформа адукацыі, пачынаюцца разыходжанні. Трэба ствараць пляцоўкі для абмеркавання гэтых розных бачанняў і праблемных пытанняў. Гэта вельмі важны і цяжкі этап у падрыхтоўцы рэформы адукацыі ў новай Беларусі.– Якое месца ў рэформе адукацыі будзе займаць беларуская мова?– Гэта цяжкае пытанне, улічваючы, што большасць беларусаў сёння размаўляе па-расейску. Ключавыя прынцыпы: беларусізацыя школьнай адукацыі мусіць адбывацца паступова і без ціску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Беларуская мова аказалася ў заняпадзе і, згодна ЮНЭСКА, пад пагрозаю знікнення праз сістэмны ціск з боку канкрэтных палітычных рэжымаў цягам стагоддзяў. Ці будзе правільным вяртаць жыццё беларускай мовы праз ціск? Хіба наш гістарычны досвед не паказвае, што праз такі шлях немагчыма дамагчыся пазітыўных культурных зрухаў? Мы не маем права выкарыстоўваць інструменты палітычнага ціску. Трэба ўключаць крэатыўнасць і знаходзіць далікатныя спосабы. Трэба спакушаць, а не прымушаць людзей размаўляць на беларускай мове. Ціск будзе злачынствам супраць беларускай мовы і культуры.

Калі мы клапоцімся аб яе росквіце, нам трэба дзеяць культурнымі сродкамі. Літаратура, паэзія, кіно, дызайн, мэмы, нейкія эстрадныя формы, усялякія формы культурнай камунікацыі – гэта мусіць быць нашай галоўнай зброяй, каб спакусіць людзей слухаць кантэнт па-беларуску, чытаць і размаўляць па-беларуску.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў