Ці замяніла Расея беларускім турыстам напрамкі, страчаныя праз вайну і санкцыі?


Нядаўнія лічбы Белстату аб турызме з Беларусі разляцеліся па інтэрнэце: Расея стала другім пасля Турэччыны напрамкам для беларускіх турыстаў. «Белсат» паглядзеў ранейшую статыстыку: гэта не Расея замяніла беларусам «закрытыя» краіны, а беларусы сталі менш вандраваць.

На Чырвонай плошчы ў Маскве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. На Чырвонай плошчы ў Маскве, Расея. 16 верасня 2018 года.
Фота: Cyprien Hauser / Flickr, CC BY-ND 2.0 DEED

Паводле лічбаў (PDF) Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2022 годзе 78,2 тысячы грамадзянаў Беларусі ездзілі з Беларусі ў Расею на экскурсіі і ў туры. Больш толькі ў Турэччыну – туды з’ездзілі 104,2 тысячы беларускіх турыстаў (без уліку «турыстаў-дзікуноў», якія не звярталіся ў турфірмы).

«Белсат» сабраў ранейшую афіцыйную статыстыку, каб паглядзець, як Расея выйшла на другое месца – і ці замяніла краіны, якія беларускія турысты страцілі праз вайну ва Украіне, санкцыі пасля выбараў-2020 і пандэмію каронавірусу.

Як карыстацца гэтымі графікамі. На настольным камп’ютары наводзьце курсор на кропкі, каб пабачыць лічбы; наводзьце курсор на назву краіны, каб падсвяціць адпаведную лінію; націскайце на назву краіны, каб прыбраць яе з графіку. На мабільных прыладах: каротка націскайце на кропкі, каб пабачыць лічбы; каротка націскайце на назву краіны, каб прыбраць яе з графіку; доўга націскайце на назву краіны, каб падсвяціць адпаведную лінію.

Топ-2022: калі «закрылася» Украіна, беларусы «адкрылі» Эміраты

Найбольш у статыстыцы за 2022 год звяртае на сябе ўвагу Украіна, якая аказалася на 9-м месцы па выніках году. Гэта пры тым, што турыстычныя паездкі туды сталі немагчымымі нават да пачатку поўнамаштабнай вайны. Напрыклад, ва Украіну не пусцілі на канцэрт да Дня святога Валянціна беларускі гурт «J:mors», хоць у іх было б цяжка западозрыць дыверсантаў – яны нават збіраліся заспяваць там свой галоўны гіт па-ўкраінску. Звычайным турыстам тым больш забаранялі ўезд, калі ўзніклі падазрэнні, што Расея рыхтуе напад. Такім чынам, ва Украіну «наездзілі» на 9-е месца па выніках года хіба за месяц з невялікім.

Турэччына заняла першае месца, хоць у яе сталі ездзіць менш, чым да пандэміі або нават у 2021 годзе. Егіпет, які доўгі час быў на першым месцы, упаў ажно на трэцяе – туды ездзілі менш, чым нават у першы год пандэміі. Паездкі ў Расею перавысілі дапандэмійныя паказнікі, але нязначна – паездак у 2022 годзе было на траціну больш, чым у 2019-м. У топе ў 2022 годзе з’явіліся Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, у якія да пандэміі беларусы ездзілі ў разы менш.

Топ-2019: беларусы любілі Украіну, Балгарыю, Іспанію…

Паглядзім на тую ж статыстыку з іншага боку: якія краіны былі ў топе 2019 года – да поўнамаштабнай вайны ва Украіне, санкцыяў і выбараў-2020, пандэміі каронавірусу. Украіна тады значна абганяла Расею і набліжалася да Турэччыны – нават з улікам таго, што туры ў акупаваны Крым у гэтай статыстыцы, хутчэй за ўсё, лічыліся турамі ў Расею.

У тыя часы беларусы любілі ездзіць у Балгарыю, а цяпер колькасць тураў туды блізкая да нуля. З топу цягам 2019–22 гадоў таксама выпалі Іспанія, Туніс і Літва. Грэцыя і Польшча ў топе засталіся, але і туды сталі ездзіць значна менш.

Якія яшчэ краіны згубілі беларускія турысты

З «дапандэмійных» часоў шмат беларускіх турыстаў страцілі Чарнагорыя, Чэхія, Кіпр… Туры ў гэтыя краіны ўсё яшчэ прапануюць, але цэны ўзляцелі, а прапановаў паменела. Адметна, што ў Албанію беларусы шмат вандравалі якраз у першы год пандэміі, ды цяпер колькасць «афіцыйна ўлічаных» беларускіх турыстаў там амаль нулявая.

Якія краіны «адкрылі» беларускія турысты

Летась значна вырасла колькасць турыстаў з Беларусі ў шэрагу краінаў, куды беларусы мала ездзілі да пандэміі. Так, істотна паболела паездак на Мальдывы. Яны яшчэ не ў топе, бо адпачынак там даволі дарагі, ды й ляцець туды 12 гадзінаў. Звычайнаму беларусу дасяжныя хіба тыя Мальдывы з песні берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!».

Арменія і Узбекістан, Мексіка і Саудаўская Аравія, Танзанія і Сейшэлы – шмат краінаў сталі папулярнейшымі ў беларускіх турыстаў, чым былі да пандэміі. Але туды ўсё яшчэ падарожнічае менш за тысячу «афіцыйна ўлічаных» турыстаў на год.

Ды знаходзяцца нават адважныя, якія адпачываюць у Венесуэле, дзе лютуе страшэнны эканамічны крызіс. Сотня чалавек на год цяпер адважваецца адпачыць у дыктатарскім Іране, але ў зімбабвійскую дыктатуру летась адважыліся злётаць на адпачынак толькі пяць «афіцыйна ўлічаных» грамадзянаў Беларусі. А на Багамы, якія трывала асацыююцца з экзатычным адпачынкам, за апошнія пяць гадоў злёталі толькі тры «афіцыйна ўлічаныя» турысты, і ўсе – у 2021 годзе.

Расея не выцесніла іншыя напрамкі – беларусы проста сталі менш адпачываць за мяжой

Здавалася б, калі паўднёвая мяжа закрытая і калі праз заходнюю і паўночную стала цяжэй прайсці, беларусы мусілі б масава паехаць адпачываць да ўсходніх суседзяў, «братоў у болю». Ды павелічэнне колькасці турыстычных паездак у Расею не такое і вялікае. А падзенне – не толькі ў Еўразвяз, але і ў астатнія краіны свету. У дапандэмійным 2019 налічылі 983 тысячы турыстычных паездак за мяжу, а ў 2022-м – менш за 349 тысяч.

Выходзіць, даволі мала людзей вырашыла, што «раз не Львоў ці Барсэлона, то Піцер ці Сочы». Больш вырашылі вандраваць па Беларусі, адпачываць «дзікунамі» або не адпачываць зусім.

Так, у 2019 годзе па Беларусі ездзілі 1,1 млн арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, а ў 2022-м – 1,53 млн. Пры тым замежных гасцей у статыстыцы за 2022-гі – толькі 143 тысячы, а астатнія – грамадзяне Беларусі. Праўда, абсалютная бальшыня – 91,6 % адпачынкаў у Беларусі – гэта аднадзённыя экскурсіі.

Разбор
Куды з Беларусі паехаць адпачываць – і дзе бяспечна? Топ кірункаў тураператараў
2023.05.11 07:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў