Украіну пасля месячнага перапынку зноў абстралялі з тэрыторыі Беларусі. Паводле «Беларускага Гаюна», ракеты былі выпушчаныя з аэрадрому ў Зябраўцы Гомельскай вобласці, дзе дагэтуль размяшчаюцца да дзесяці ракетных комплексаў С-300/400 і некалькі АТРК «Іскандэр». Спыталі ў эксперта, чаму ўзнавіліся абстрэлы з Беларусі.
«Беларускі Гаюн» паведаміў, што зранку 28 ліпеня з аэрадрому ў Зябраўцы на тэрыторыю Украіны было запушчана каля 25 ракетаў. Паведамленні аб выбухах паступалі з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў.
Паводле намесніка начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксея Громава, у Чарнігаўскай вобласці пад абстрэл трапіла паселішча Ганчароўскае. Кіраўнік Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Чавус паведаміў пра 10 «прылётаў». У аператыўным камандаванні «Поўнач» заявілі, што большасць ракетаў прызямлілася ў лясных масівах вобласці.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» мяркуе, што гэтыя абстрэлы не звязаныя з імаверным наступленнем з тэрыторыі Беларусі.
Як мяркуе вайсковы эксперт украінскага Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Ігар Леўчанка, атака мела на мэце пашырыць зону канфлікту, каб стварыць напружанасць для адцягнення ўвагі з паўднёвага кірунку.
«Што першае напрошваецца, дык гэта тое, што, падвышаючы напружанасць на новых кірунках, дзе сітуацыя была да гэтага больш-менш стабільная, Расея хоча адцягнуць увагу ўкраінскага камандавання ад паўднёвага кірунку, пра магчымы контрнаступ на якім так часта гавораць апошнім часам. Гаварылі б менш – магчыма, і не было б гэтых абстрэлаў», – лічыць Ігар Леўчанка.
Аналітык кажа таксама, што абстрэл з тэрыторыі Беларусі мог быць яшчэ адной спробай Расеі схіліць Лукашэнку да ўвядзення беларускіх войскаў у баявыя дзеянні. Бо ў выпадку актывізацыі ЗСУ на поўдні Украіны – і іх паспяховасці – важнасць уцягвання ў вайну беларускіх войскаў для Расеі ўзрасце шматкроць.
«Я думаю, гэтыя працэсы і фактары ўсе прысутнічаюць і працуюць паралельна», – кажа вайсковы эксперт.
Ігар Леўчанка выказвае ўпэўненасць, што Пуціну не патрэбны ўжо дазвол Лукашэнкі на вядзенне ракетных запускаў з Беларусі. Ён мяркуе, што Генштаб РФ у такіх выпадках проста паведамляе абаронным органам Беларусі, каб прынамсі пазбегчы «дружалюбнага агню» з боку беларусаў.
«Аб’ектыўна ж Лукашэнка ўжо нічога ў гэтым плане не вырашае», – лічыць вайсковы эксперт.
Ён таксама не выключае, што дзень для ўдару з тэрыторыі Беларусі быў выбраны невыпадкова – 28 ліпеня Украіна святкуе Дзень дзяржаўнасці.
«Я б сказаў, што гэты сімвалічны момант прысутнічае, хутчэй за ўсё, але ён далёка не галоўны. Каб сказаць больш дакладна, чаму ракеты зноў паляцелі з тэрыторыі Беларусі, трэба пачакаць і паглядзець, ці будуць гэтыя абстрэлы рэгулярныя», – гаворыць Ігар Леўчанка.
Ён заўважае, што выбар для атакі ракетаў С-300 – гэта пытанне эканамічнай мэтазгоднасці для Расеі, якая ў пэўны час нарабіла іх вельмі шмат. Паводле аналітыка, гэта дзясяткі тысяч штук. Зенітна-ракетны комплекс С-300 прызначаны для паражэння цэляў у паветры.
Вайсковы аналітык Аляксандр Каваленка, у сваю чаргу, заўважае, што абстрэл з тэрыторыі Беларусі чыніўся С-300 таму, што Расея перажывае востры дэфіцыт тактычных ракетаў да АТРК «Іскандэр» і ТРК «Точка-У».
«Так, самасцвярджэнне праз тэрор – гэта ўласціва ізгоям і адшчапенцам, але нават гэтым ударам РФ прадэманстравала сваю ўбогасць і няздольнасць. Бо «вялікая» ракетная «звышдзяржава» ўжывае для абстрэлаў С-300», – напісаў аналітык на сваёй старонцы ў Facebook.
Аляксандр Каваленка выказвае меркаванне, што пры гэтым ні пра якое рыхтаванне да ўварвання з тэрыторыі Беларусі гаворкі няма. Войска Беларусі, «хоць цяпер і ва ўзбуджаным стане», не сабранае ў наступальны парадак.
Раней яшчэ адзін вайсковы эксперт Алег Жданаў выказваў «Белсату» думку, што армія для Лукашэнкі – «гэта штыкі, на якіх ён сядзіць». Калі гэтыя штыкі цалкам пяройдуць у падпарадкаванне Расеі – не будзе на чым сядзець.
Зміцер Міраш belsat.eu