У Берасці затрыманы наркакур'ер з 80 кг гашышу


У Берасці памежнікі канфіскавалі буйную партыю гашышу, якая прызначалася для Расеі. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал Памежнага камітэту. Затрымалі курʼера і – праз нейкі час – арганізатара дастаўкі.

Памежнікі знайшлі ў аўтамабілі грамадзяніна Малдовы 80 кг гашышу. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram 

28 сакавіка паведамілі, што ў пункце пропуску «Берасце» 19 сакавіка ў аўтамабілі грамадзяніна Малдовы, які ехаў з Польшчы ў Расею праз Беларусь, памежнікі знайшлі 80 кг гашышу. Наркотык быў схаваны ў тайніку, абсталяваным паміж падлогай і дном аўта.

Наркотык быў у тайніку паміж падлогай і днішчам аўтамабіля. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram 

Паведамляецца, што памежнікі высветлілі канчатковы пункт дастаўкі наркотыку – Санкт-Пецярбург. Ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі УУС Берасцейскага аблвыканкаму і праваахоўнымі органамі Расейскай Федэрацыі 24 сакавіка затрыманы і арганізатар каналу дастаўкі, грамадзянін Расеі.

У дачыненні грамадзяніна Малдовы адкрытыя крымінальныя справы «за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў, а таксама за незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў