Пра дэпартацыю не тэлефануюць. Хто зладзіў псіхалагічную атаку на беларусаў у Літве?


Беларусы ў Літве атрымліваюць званкі нібыта ад Дэпартаменту міграцыі Літвы. Людзям кажуць, што яны будуць дэпартаваныя. У Дэпартаменце ужо пракаментавалі, што яны не маюць дачынення да гэтых званкоў.  Гэта вельмі падобна на псіхалагічную атаку, кажуць эксперты. «Белсат» разбіраўся, што адбываецца і як распазнаць махляроў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шпацыруюць па праспекце Гедыміна ў Вільні, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

У чатах беларусаў у Літве пішуць нават, што з тымі, каму тэлефануюць, размаўляюць па-літоўску. Але Дэпартамент па міграцыі Літвы адмовіў, што яго супрацоўнікі могуць рабіць нешта падобнае.

«Ашуканцы, якія тэлефануюць замежнікам у Літву і прадстаўляюцца “работнікамі міграцыйнай службы”, сцвярджаюць, што “прысутнасць замежнікаў у Літве ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы”, “ім пагражае дэпартацыя”, “імігранты павінны пакінуць краіну, але вы павінны з’явіцца ў аддзел абслугоўвання кліентаў у Вільні” і г. д.

Дэпартамент міграцыі афіцыйна папярэджвае, што гэтыя званкі ілжывыя і што супрацоўнікі ведамства не тэлефануюць замежнікам у Літве, каб паведаміць ім пра нібыта наяўныя пагрозы або аб дэпартацыі. Інфармацыя аб рашэннях Дэпартаменту міграцыі даводзіцца да ведама замежнікаў з дапамогай электронных паведамленняў “MIGRIS”», – піша прэс-служба Дэпартаменту.

Тым, хто атрымаў такія званкі, рэкамендуюць праверыць свой статус у літоўскай сістэме «MIGRIS».

«Калі ад Дэпартаменту міграцыі не паступала ніякіх паведамленняў, замежніку не трэба наведваць аддзел абслугоўвання кліентаў або прадпрымаць якія-небудзь дадатковыя дзеянні ў дачыненні да свайго рахунку.

Замежнікам рэкамендуецца паведамляць аб ілжывых званках па агульным нумары экстранай службы 112 і прадастаўляць Літоўскім чыноўнікам поўную інфармацыю пра змест званка, абставіны яго здзяйснення», – адзначаецца ў паведамленні Дэпартаменту.

Hавiны
Літва апытае 18–20 тысячаў беларусаў. За няправільны адказ можа назваць «пагрозай бяспецы»
2024.02.27 14:27

Як адразу зразумець, што званок падазроны?

Званкі ідуць з нумара, які вельмі падобны да нумара міграцыйнай службы, але розніца ёсць, кажа сузаснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

«Калі званок ідзе са стацыянарнага нумара ў Літве, то ён пачынаецца на «8» і далей набор лічбаў. А тут мы бачым «+8». Гэта значыць, што гэты званок робіцца не з нумара міграцыі. Другі момант, што ўсе камунікацыі такога важнага кшталту як змена статусу чалавека, трэба спраўджваць ва ўласным акаўнце сістэмы “MIGRIS”. Хутчэй за ўсё гэта спам-атака і абсалютна фэйкавая гісторыя», – растлумачыў «Белсату» Андрэй Стрыжак.

Пакуль «BYSOL» вядома пра больш за 10 чалавек, якім тэлефанавалі.

«Якім чынам быў атрыманы доступ да нумароў пакуль не зразумела, але ў часткі людзей, якім былі зробленыя званкі, адкрыты нумар у профілі тэлеграм. Але ў некаторых людзей ён закрыты, таму пакуль нейкай сістэмы тут не прагладжваецца», – адзначае сузаснавальнік «BYSOL».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчына стаіць на балконе паміж сцягамі Беларусі і Украіны на праспекце Гедыміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Праца на падрыў даверу да Літвы

На думку Стрыжака, гэта справа рук спецслужбаў.

«Абсалютна ясная і зразумелая мэта працы пуцінскіх і лукашысцкіх спецслужбаў – накрутка літоўцаў і беларусаў адно супраць аднога», – піша ён. – Беларусы і літоўцы не ворагі адно аднаму, мы добрыя суседзі, якія маюць багатую культурную і гістарычную супольную спадчыну. Агульны наш вораг – пуцінскі і лукашысцкі рэжымы, якія працягваюць курс на знішчэнне літоўскай і беларускай ідэнтычнасцяў. Як гэта раней рабілі савецкая і расейская імперыя. Апошняя спам-атака яшчэ раз гэта падкрэслівае».

Званкі беларусам – гэта псіхалагічная атака і падобныя аперацыі назіраюцца ўжо не ў першы раз, лічыць дырэктар віленскага офіса Freedom House, палітолаг Віціс Юрконіс.

«Такія атакі накіраваныя на тое, каб сеяць паніку, недавер да літоўскага ўраду ці наадварот – сеяць недавер да беларусаў. То бок, гэта ўсе намаганні, якія працуюць на раскол. Гледзячы на факты, відавочна, што Літва – адна з самых салідарных краін з дэмакратычнай Беларуссю, праваабаронцамі, рэпрэсаванымі і гэтак далей. І таксама адна з самых жорсткіх з нагоды рэжыму і санкцый. Больш за ўсё гэта не падабаецца Крамлю і беларускаму рэжыму. І гэта як раз іх цікавасць – падрываць усе кантакты, давер, як з аднаго, так і з другога боку», – сказаў Віціс Юрконіс ў каментары «Белсату».

Тое ж самае адбывалася з разгойдваннем тэмы ліцвінізму, мяркуе суразмоўца.

Hавiны
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: ідэалогія ліцвінізму не ўяўляе небяспекі для краіны
2023.08.24 17:51

«Быў яшчэ нейкі рэзананс па артыкуле, якога літоўцы наогул не заўважылі, а беларусы ўсё прачыталі – Рымас Бружас напісаў. Але ніхто не заўважыў з беларускіх СМІ пагроз гэтаму журналісту і тое, што сапсавалі яго плот чырвонай фарбай. Калі гэта зрабіў нейкі беларус, гэта сорам і гэта псуе літоўска-беларускія адносіны.

Цяперашняя правакацыя такога ж кшталту. Хтосьці ўбачыць заявы Дэпартаменту міграцыі, але адчуванне ўсё роўна застанецца, што хмары згушчаюцца. Думаю, гэта нечыя мэтанакіраваная праца», – заключае Віціс Юрконіс.

Каментар
Ці чакае беларусаў раптоўная дэпартацыя з Літвы? Тлумачыць палітолаг Віціс Юрконіс
2023.12.06 14:36

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў