Літоўскі журналіст абурыўся беларусамі ў Вільні, заклікаў «паказаць, што ім не радыя»


У эфіры Літоўскага радыё журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Тэкставая версія ягоных выказванняў дасяжная на сайце LRT.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы святкуюць Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы. Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Што напісаў літоўскі журналіст

Рымас Бружас у артыкуле «Варожая весялосць у Вільні» наракае, што ў літоўскай сталіцы «часта адчуваеш сябе нібы дзесьці ў Менску», бо вакол машынаў з беларускімі нумарамі ці не столькі ж, колькі з літоўскімі, а ў літоўскіх гандлёвых цэнтрах «ледзь чуваць літоўскую мову».

«Перад намі прадстаўнік краіны, якая дапамагае забіваць украінцаў, і ён нічым не пакрыўджаны. Гэтая ж краіна, паўтару, пагражае напасці на Літву», – піша ён пра беларусаў.

Журналіст ставіць пытанні: ці часта беларусаў пыталі, чый Крым, ці часта ім давалі зразумець, як літоўцы ставяцца да беларускага дыктатара, і ці бачылі слухачы, як літоўцы ладзяць «антыбеларускія флэш-мобы» каля гандлёвага цэнтру «Akropolis», і ці бачылі плакаты, якія паказваюць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна «ў непрыстойных позах», ці часта бачылі «хаця б улёткі за «дворнікамі».

На думку Бружаса, літоўцы паказваюць слабасць грамадзянам краіны-агрэсара, якія прыязджаюць на закупы ў Вільню, і гэта робіцца пацверджаннем прапаганды пра «слабасць Захаду».

«Цікава, ці расказалі б яны, перажыўшы адназначную рэакцыю на сваю краіну-агрэсара, як добра правялі час у Вільні», – разважае ён.

Журналіст не ўдакладняе, да якіх канкрэтна дзеянняў заклікае, але піша, што было б правільна, калі б кожная машына з беларускімі нумарамі «выпрабавала на сабе, што мы думаем пра ўрад краіны, адкуль яны прыехалі», і калі б кожнаму «суседу з Усходу» ў літоўскіх гандлёвых цэнтрах было «выразна паказанае стаўленне да дзяржавы, якая адкрыта пагражае нас паглынуць», бо трэба, каб «кожны ведаў, што Літва – гэта не гандлёвы цэнтр».

«Той, хто нясе смярдзючую змяю пагарды да нашага ладу жыцця, каштоўнасцяў і свабоды, павінен ведаць, што яму тут не радыя», – піша Бружас, не ўдакладніўшы, як вызначыць сярод беларусаў тых, хто гэта нясе.

Каментар
Якія менавіта пагрозы з Беларусі непакояць Літву. Расказвае дарадца прэзідэнта Літвы
2024.01.23 18:45

У Літве не бачаць у гэтым распальвання варожасці?

Некаторыя беларусы ў сацыяльных сетках абурыліся гэтаю публікацыяй. Рэакцыі з літоўскага боку на момант публікацыі не было, а артыкул Бружаса, апублікаваны ўвечары 30 студзеня, дасюль дасяжны на сайце LRT – грамадскай тэлерадыёкампаніі Літвы, фінансаванай з падаткаў грамадзянаў.

Кантралёрка ў справе этыкі LRT на момант публікацыі не адказала на запыт «Белсату» пра каментар.

Старшыня Літоўскага аб’яднання журналістаў Дайнюс Радзявічус у каментары «Белсату» сказаў, што ў артыкуле пабачыў асуджэнне не толькі дыктатараў ды іхных рэжымаў, але і пасіўных і актыўных прыхільнікаў гэтых рэжымаў:

«Гэтым каментаром Рымас Бружас, мне здаецца, хацеў справакаваць літоўцаў, каб яны не былі абыякавыя да дыктатараў ды іхных прыхільнікаў. Таму, прызнаюся, я не бачу ў тым тэксце ніякай нянавісці менавіта да беларусаў як да нацыі. Я бачу больш жаданне справакаваць літоўцаў на размову і стасункі з беларускімі грамадзянамі, якія прыязджаюць у Вільню ў якасці турыстаў на выходныя».

Радзявічус падкрэсліў, што гэта ягоная асабістая думка, але не пазіцыя Літоўскага аб’яднання журналістаў.

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Літвы становішча беларусаў
2024.01.23 21:22

Што рабіць незадаволеным?

Радзявічус параіў тым, хто бачыць мову варожасці (якой ён у тэксце не бачыць) звярнуцца ў паліцыю ці пракуратуру, напісаць омбудсману LRT і прасіць ацаніць каментар Бружаса ў Інспекцыі журналісцкай этыкі.

Інспектарка журналісцкай этыкі Гражына Раманаўскайце пацвердзіла «Белсату», што абураныя публікацыяй выказванняў Бружаса могуць звяртацца ў названыя службы. Пры разглядзе скаргаў Інспекцыя журналісцкай этыкі запытае тлумачэнні ў вытворцы ці распаўсюдніка інфармацыі, ацэніць выказванні ды іх кантэкст.

Калі ў тэксце выявяць адпаведныя парушэнні, то інфармацыя будзе падлягаць выдаленню згодна з пунктам 3 часткі 1 артыкулу 19 Закону аб публічнай інфармацыі.

Акрамя таго, артыкул 170 Крымінальнага кодэксу Літвы прадугледжвае для фізічных і юрыдычных асобаў адказнасць за распальванне варожасці супраць любой нацыянальнай, расавай, этнічнай, рэлігійнай ці іншай групы. Пакаранні – ад штрафу да 4 гадоў пазбаўлення волі.

«Літва – дэмакратычная дзяржава, у якой абароненыя прынцыпы свабоды выяўлення і слова, поглядаў людзей, але распальванне нянавісці – па-за межамі свабоды выяўлення», – адзначае Раманаўскайце.

На пытанне, ці не ўзнікае цяжкасцяў з вызначэннем мовы нянавісці ў часе захопніцкай вайны ва Украіне, Раманаўскайце адказала: у кантэксце цяперашняй геапалітычнай сітуацыі думкі могуць выражацца мацней, крытыка робіцца вастрэйшая. Але пры разглядзе скаргаў Інспекцыя журналісцкай этыкі ўлічвае канструкцыі сцверджанняў, улічвае кантэкст публікацыі і ацэньвае, выражаецца думка ці паведамляецца навіна.

Hавiны
Урад Літвы падтрымаў прапанову ўзмацніць правяранне беларусаў на мяжы
2024.01.31 19:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў