Ва Украіне ўтварылася новае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў


З пачатку восені ва Украіне з’явілася новае падраздзяленне беларускіх ваяроў – «Танга-Рамэо». У яго склад увайшлі былыя прадстаўнікі палка Каліноўскага. Цяпер яны ваююць пад кіраўніцтвам Інтэрнацыянальнага легіёну ГУР, піша радыё «Свабода».

Байцы падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў «Танга-Рамэо».
Фота: Аляксей «Оскар» Вайцяховіч

«Танга-Рамэо» займаецца пераважна падтрыманнем баявых падраздзяленняў пры дапамозе цяжкога ўзбраення, расказаў выданню Аляксей «Оскар» Вайцяховіч. Але ён не стаў раскрываць звестак пра колькасць байцоў, якія служаць у падраздзяленні, імёны камандзіраў, а таксама казаць пра заданні, якія давялося выконваць хлопцам апошнім часам.

Вядома толькі, што большую частку «Танга-Рамэо» складаюць беларусы, выхадцы з палка імя Кастуся Каліноўскага, а менавіта з батальёну «Волат». Прычыну выхаду з палка Каліноўскага Аляксей Вайцяховіч не называе, але ён адзначыў, што з байцамі з тых падраздзяленняў, у якіх яны ваявалі раней, у іх захаваліся добрыя стасункі.

«Мы дагэтуль узаемадзейнічаем і сябруем з хлопцамі з батальёнаў «Волат», «Ліцвін», з БПЛА імя Мікіты Краўцова, з 79-й брыгадай, з групай «Афіна». Тое, што мы выйшлі з палка Каліноўскага, не значыць, што мы з усімі рассварыліся, не», – кажа Вайцяховіч.

Назва падраздзялення ўтварылася ў выніку кампрамісу: бо камандзіру і ягонаму намесніку падабаліся розныя найменні, адзін хацеў узяць «Танго», другі – «Рамэо». У выніку атрымаўся варыянт са спалучэнняў гэтых двух словаў.

Большасць хлопцаў, якія ўтварылі новае падраздзяленне, ваюе ледзь не ад самага пачатку баявых дзеянняў, яны бралі ўдзел у аперацыях ад Севераданецку да Бахмуту.

Для байцоў новага падраздзялення ініцыятыва BySol праводзіць збор грошай, якія патрэбныя на новыя аўтамабілі і дроны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў