Прэзідэнт украінскага «Энергаатаму» Пётр Коцін 27 лістапада ў эфіры тэлемарафону распавёў пра прыкметы таго, што расейскія войскі рыхтуюцца пакінуць захопленую імі Запарожскую АЭС.
«Па-першае, вельмі шмат стала з’яўляцца публікацый у расейскай прэсе аб тым, што ЗАЭС, магчыма, варта пакінуць, магчыма, яе варта перадаць МАГАТЭ пад кантроль. Такое, ведаеце, уражанне, што яны збіраюць валізкі і што яны крадуць усё, што могуць знайсці», – адзначыў Коцін.
Паводле яго, гэта не азначае, што РФ можа ўжо хутка выйсці з ЗАЭС, аднак ёсць прыкметы таго, што яны рыхтуюцца гэта зрабіць. На думку Коціна, Расея таксама магла замініраваць АЭС.
Запарожская АЭС – найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя. Яна была захопленая расейскімі войскамі на самым пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне. Пры гэтым неаднаразова паведамлялася пра небяспеку, якая з гэтай прычыны існуе для станцыі.
Якуб Хруст belsat.eu