У Менску педафіл угаварыў 11-гадовую школьніцу забіць сваю маці, але жанчыне ўдалося збегчы


Падлетак з Менску спрабавала забіць сваю маці, на што яе пераканаў 20-гадовы педафіл. Дзяўчынка нанесла ёй некалькі ўдараў малатком па галаве, а пасля ўцякла. Падрабязнасці крымінальнай справы расказалі ў Следчым камітэце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: canstockphoto.ru

Інцыдэнт здарыўся ў сакавіку 2023 года. 11-гадовая школьніца спрабавала забіць сваю маці, нанёсшы ёй некалькі ўдараў малатком па галаве, і пасля збегла. Неўзабаве супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі яе месцазнаходжанне – дзяўчынка знаходзілася ў пакоі інтэрната з 20-гадовым хлопцам.

Следчыя высветлілі, што працяглы час малады чалавек схіляў падлетка да інтымных адносінаў, а ў выпадку адмовы пагражаў расправай.

Перапіска абвінавачанага са школьніцай.
Фота: Следчы камітэт

Так, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у жніўні 2022 года хлопец напісаў дзяўчынцы ў сацыяльнай сетцы, некалькі месяцаў яны вялі перапіску, а пасля сустрэліся. Таксама дзяўчынка схлусіла, што ёй 15 гадоў.

Пасля першага спаткання 20-гадовы хлопец стаў весці са школьніцай адкрытыя размовы на інтымныя тэмы і схіляў яе да «дарослых» адносінаў, у некаторых выпадках ужываючы фізічную сілу. Дзяўчынка была супраць і спрабавала супраціўляцца, але пра тое, што адбывалася, нікому не расказвала.

У лістападзе мінулага года іх сустрэча адбылася ў дзяўчынкі дома. У момант, калі фігурант пачаў прыставаць да падлетка, вярнулася маці непаўналетняй. Дзяўчынка схлусіла аб асобе госця і спешна праводзіла яго. Аднак жанчына не паверыла словам дачкі і спрабавала самастойна даведацца аб новым знаёмым свайго дзіцяці.

У пачатку снежня маці дзяўчынкі вырашыла сустрэць дачку каля школы пасля вучобы, але побач з ёй быў той хлопец, які ў лістападзе знаходзіўся ў кватэры. Тады жанчына пагаварыла з маладым чалавекам і паказала яму пашпарт сваёй дачкі. Ужо ведаючы аб тым, што дзяўчынцы ўсяго 11 гадоў, абвінавачаны працягнуў з ёй перапісвацца на інтымныя тэмы. Пры гэтым ён увесь час пагражаў школьніцы фізічнай сілай, калі яна перастане з ім мець зносіны, а ў пацверджанне сваіх слоў распавёў выдуманую гісторыю, як скінуў знаёмага з моста і пазбег адказнасці.

Па версіі следства, фігурант у нейкі момант прапанаваў малалетняй забіць сваю родную маці і на працягу некалькіх тыдняў падбухторваў яе здзейсніць злачынства, у тым ліку прапаноўваў розныя спосабы.

Перапіска абвінавачанага са школьніцай.
Фота: Следчы камітэт

У сакавіку гэтага года падлетак пагадзілася. Яна дачакалася пакуль жанчына вернецца дадому, падышла ззаду і нанесла некалькі ўдараў малатком па яе галаве. Мянчанка выбегла ў пад’езд і стала клікаць на дапамогу, дзякуючы чаму ёй была своечасова аказана кваліфікаваная дапамога. Цяпер жыццю жанчыны нічога не пагражае.

Цяпер 20-гадовы хлопец узяты пад варту. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па трох артыкулах: ч. 1 арт. 14 ч. 1 арт. 139 («Замах на забойства»); ч. 3 арт. 167 («Іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелай, з прымяненнем насілля, у адносінах да заведама малалетняй»); ч. 3 арт. 172 («Уцягванне асобай, якая дасягнула васямнаццацігадовага ўзросту, загадзя непаўналетняга ў здзяйсненне асабліва цяжкага злачынства пад пагрозай прымянення гвалту»).

11-гадовая дзяўчынка не панясе пакарання, бо не дасягнула ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў