Гурт VOLSKI піша «Лісты палітвязням»


Гурт VOLSKI абвесціў аб стварэнні новага музычнага альбому, прысвечанага палітзняволеным. «Лісты палітвязням», паводле лідара гурту Лявона Вольскага, мусяць чарговы раз нагадаць свету пра тое, што ў Беларусі зараз адбываецца беззаконне і парушэнне правоў і свабодаў чалавека. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Акцэнтуем увагу на гэтай, можна сказаць, праблеме для ўсяго свету, на беларускіх палітвязнях, пра якіх кожную хвіліну, кожную секунду трэба памятаць і нагадваць свету пра гэта, пра гэтую страшную рэч, якая адбываецца проста цяпер на нашых вачах у краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы».

Музыка кажа, што праца над альбомам ужо распачатая, песні знаходзяцца ў стадыі напісання і ўжо нават маюцца шмат якія чарнавыя варыянты, а ўсяго ў альбоме іх будзе 12. Адрасатаў у лістоў не будзе, бо, паводле Вольскага, цяпер гэта небяспечна і можа выклікаць пагаршэнне стаўлення да палітзняволеных за кратамі з боку «так званай адміністрацыі».

«Але мы будзем размаўляць з людзьмі, хто згодзіцца, якія прайшлі гэты непрыемны, небяспечны, страшны шлях, у працэсе напісання і будзем увесь час рабіць у інтэрнэце такія ўключэнні з былымі палітвязнямі, каб таксама закцэнтаваць увагу на гэтым».

«Лісты палітвязням» – больш, чым проста музыка і песні, яны былі задуманыя даўно, але, як кажа музыка, заняцца імі раней не атрымалася з-за іншай працы. Цяпер жа грамадскі праект ствараецца супольна з беларускімі ініцыятывамі «Палітвязынка» і dissidentby.com.

«З іхнай дапамогай мы будзем знаходзіць былых палітвязняў, з імі размаўляць, браць інтэрв’ю. Таму што, калі натыкаешся на гэтыя інтэрв’ю ў інтэрнэце, то проста валасы дыбарам становяцца. Тое, што там адбываецца, – гэта проста недасяжна разуменню нармальнага чалавека. На гэтым трэба акцэнтаваць увагу».

Альбом мусіць з’явіцца ў першым месяцы зімы.

Здымак вокладкі: Аліса Ганчар / Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў