Развітанне з журналістам Андрэем Александровічам адбудзецца 1 сакавіка ў Варшаве


Андрэй Александровіч памёр 24 лютага ад вострай сардэчнай недастатковасці ў лякарні ў Варшаве. Яму было 49 гадоў.

Фота: bajmedia / Telegram

Развітацца з вядомым беларускім журналістам можна будзе ў пятніцу, 1 сакавіка, у Варшаве. Грамадзянская паніхіда пройдзе па адрасе: вул. Фоса, 19А (пры касцёле Святой Кацярыны). Пачатак у 16 гадзін.

Андрэй Александровіч працаваў для такіх выданняў, як «Белорусская деловая газета», Deutsche Welle, быў адным з заснавальнікаў выдання «Штодзённік» і апошнім галоўным рэдактарам эканамічнай газеты «Беларусы і рынак», якую разграмілі ўлады ў 2022 годзе пасля 32-гадовай працы ў Беларусі.

Нягледзячы на інфармацыйную блакаду ў турмах, газета «Беларусы і рынак» доўгі час была дасяжнай для вязняў і з’яўлялася рэдкай у зняволенні крыніцай інфармацыі без прапаганды.

Журналіст выехаў з Беларусі ў другой палове 2023 года і знаходзіўся ў Варшаве. У 2022 годзе яго вазілі на допыт у КДБ, ён быў прызнаны сведкам па крымінальнай справе «аб распальванні нацыянальнай варожасці», узбуджанай супраць дырэктара газеты Канстанціна Залатых.

На дапамогу блізкім Андрэя Александровіча арганізаваны дабрачынны збор. Дапамагчы можна, перайшоўшы па спасылцы.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў