Літва апытае 18–20 тысячаў беларусаў. За няправільны адказ можа назваць «пагрозай бяспецы»


Дэпартамент міграцыі Літвы плануе праверыць ад 18 да 20 тысячаў грамадзянаў Беларусі, якія атрымалі від на жыхарства да таго, як Літва пачала выдаваць апытальны ліст па ўездзе ў краіну, расказала «Delfi» кіраўніца дэпартаменту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вежа Гедыміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Як растлумачыла кіраўніца Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце, Літва плануе правесці праверку грамадзянаў Беларусі, якія атрымалі віды на жыхарства на падставе працы да таго, як у 2022 годзе былі ўведзеныя абмежаванні на ўезд і запаўненне апытальнага ліста.

Яна расказала, што незапаўненне ліста «будзе расцэньвацца не на карысць асобы». Калі ў адказах будзе знойдзеная «адмоўная інфармацыя», Дэпартамент міграцыі будзе кансультавацца з Дэпартаментам нацыянальнай бяспекі. Другі можа ўказаць першаму, што чалавек ёсць «пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы», тады чалавека могуць пазбавіць віду на жыхарства.

Анкеты, якія ўключаюць пытанні пра анексію Расеяй украінскага Крыму і вайну ва Украіне, а таксама іншыя пытанні, беларусам з літоўскімі ВНЖ пачалі рассылаць яшчэ мінулай вясной.

Анкета для грамадзянаў Беларусі і Расеі ў Літве.
Фота: Белсат

Паводле звестак «Delfi», ад пачатку выдачы апытальнага ліста ў лістападзе 2022 года 1644 грамадзянаў Беларусі і 397 грамадзянаў Расеі назвалі «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Агулам жа ў Літве пражывае каля 62,5 тысячы беларусаў.

«Сярод тых беларусаў, пражыванне якіх у Літве ўяўляе пагрозу бяспецы, каля 60 % працавалі ў сістэме МУС або дзяржаўных установах, каля 30 % – служылі ва ўзброеных сілах РБ, каля 10 % – працавалі ў вайсковай прамысловасці або на іншых стратэгічных аб’ектах», – адзначалі раней у літоўскім Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі.

Разам з тым Дэпартамент адмаўляецца каментаваць, якім чынам былы беларускі міліцыянт Аляксандр Маціевіч, што браў удзел у задушэнні пратэстаў 2020 года, атрымаў ВНЖ у Літве.

А беларусы расказваюць, што іх называюць «пагрозай дзяржаўнай бяспецы» Літвы нават за тэрміновую службу ў войску (якая ў Беларусі абавязковая для мужчынаў, у адрозненне ад добраахвотнай кантрактнай) або за працу на БелАЭС.

«За апошнія некалькі месяцаў маштабы прытоку грамадзянаў Беларусі ў Літву крыху зменшыліся, гэта значыць тэмпы, іх прыросту ў Літве крыху замарудзіліся, калі параўноўваць з пачаткам мінулага года, – расказала Гудзінскайце LRT. – Я думаю, што гэта звязана з усім становішчам і з тым, што бізнес, перш за ўсё, пераарыентуецца і пачынае запрашаць працоўную сілу з іншых краінаў, якія не ўяўляюць такіх вялікіх рызык, напрыклад, Узбекістан, Кіргізія, Казахстан».

Літва таксама мае закрыць яшчэ два пераходы на мяжы з Беларуссю, плануе значна скараціць колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі з Беларусі, разглядае прапанову падоўжыць і ўзмацніць санкцыі супраць беларусаў, хоча пазбаўляць дазволу на жыхарства беларусаў, якія ездзяць на радзіму часцей за раз на месяц, а ў літоўскіх дзяржаўных медыях з’яўляюцца заклікі паказаць, што беларусам у Літве «не радыя».

План: Б
Хто хоча ўбіць клін паміж літоўцамі і беларусамі?
2024.02.19 17:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў