Літва плануе значна скараціць колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі з Беларусі


Літва хоча зменшыць колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі з Беларусі прыкладна на палову. Кіроўцаў, якія займаюцца перавозкамі нелегальна, трэба пазбаўляць візаў, заявіў у эфіры радыё LRT кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіравання крызіснымі сітуацыямі Вілмантас Віткаўскас.

Аўтобус, які едзе з Беларусі ў Літву.
Фота: LRT

Літва хоча скараціць выдачу дазволаў на міжнародныя пасажырскія перавозкі з Беларусі з прычыны росту колькасці асобаў, якія перасякаюць мяжу. Таксама працягнуць правяраць кіроўцаў з мэтаю выяўлення нелегальных перавознікаў. Пры паўторным парушэнні можа паўстаць пытанне пра пазбаўленне візы.

«Мы можам казаць пра ануляванне візаў для кіроўцаў, калі ўбачым, што выпадкі паўтараюцца», – сказаў Віткаўскас.

Як паведаміў кіраўнік Літоўскай адміністрацыі транспартнай бяспекі Генюс Лукошус, на працягу апошніх шасці месяцаў праверылі больш за 60 аўтобусаў, якія перавозяць людзей з Беларусі і ў Беларусь, і «толькі адзінкі былі без парушэнняў».

«Праверылі 64 аўтобусы, 25 з іх не мелі неабходнага дазволу на рэйс, – сказаў чыноўнік. – <…>  Мы бачым, што існуе маніпуляванне профілем пасажырскіх перавозак: іх афармляюць як заказны рэйс, але пры правяранні аказваецца, што насамрэч рэйс рэгулярны, а гэта ўжо парушэнне».

Са словаў Лукошуса, таксама бываюць выпадкі, калі перавозка пасажыраў афармляецца як перавозка канкрэтнай групы асобаў (экскурсія), але ў адзін бок едуць адныя пасажыры, а вяртаюцца ўжо іншыя. Чыноўнік зазначыў, што гэта – сурʼёзнае парушэнне пагаднення паміж урадамі Літвы і Беларусі аб міжнародных аўтамабільных перавозках.

За парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў накладаюцца штрафы ў памеры ад 2,5 да 3 тысячаў еўраў, за паўторнае парушэнне – ад 3 да 3,5 тысячы еўраў.

Паміж Літвой і Беларуссю цяпер існуюць 58 маршрутаў.

Літва імкнецца зменшыць колькасць грамадзянаў Беларусі, якія ўязджаюць у краіну, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі і каб скараціць выпадкі кантрабанды, піша LRT. З гэтай прычыны разглядаецца закрыццё яшчэ двух памежных пунктаў у дадатак да двух, якія закрылі летась.

Спыніць рух транспарту, тавараў і людзей праз пункты пропуску «Лаварышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка») прапанавала камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы.

Hавiны
У Літве хочуць закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
2024.02.06 16:08

18 жніўня 2023 года Літва закрыла першыя два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю – «Шумскас» («Лоша» з беларускага боку) і «Цверачус» («Відзы»). У выніку колькасць літоўцаў, якія ездзяць у Беларусь, скарацілася на 37 %, а вось плынь беларусаў у Літву засталася амаль на тым жа ўзроўні.

Міністр унутраных справаў Агне Білатайце тады заявіла, што міністэрства прапануе закрыць яшчэ два пункты – «Лаварышкі» і «Райгард», аднак пытанне было адкладзенае. Калі гэтыя пункты закрыюць, то застануцца два памежныя пераходы: «Меднікі» («Каменны Лог») і «Салечнікі» («Беняконі»).

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў