Еўрапейская рада «пазбегне Орбана»: Шарль Мішэль перадумаў датэрмінова сыходзіць з пасады


Старшыня Еўрапейскай рады – вярхоўнага органу Еўразвязу, які складаецца з кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу – вырашыў не ўдзельнічаць у выбарах у Еўрапейскі парламент і не пакідаць пасаду датэрмінова. Пра гэта Шарль Мішэль расказаў 26 студзеня на Facebook.

Шарль Мішэль. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Consilium.europa.eu

Шарль Мішэль мусіць узначальваць Еўрапейскую раду да канца лістапада 2024 года, аднак раней ён вырашыў балатавацца на выбарах у Еўрапарламент, якія адбудуцца 6–9 чэрвеня ў 27 краінах Еўразвязу. Калі б ён быў выбраны ў Еўрапарламент, ягоная пасада ў Радзе стала б вакантнай.

Такое было б упершыню. І калі б лідары Еўразвязу не дамовіліся пра пераемніка, месца Мішэля аўтаматычна перайшло б да Віктара Орбана як лідара Вугоршчыны, якая будзе старшынстваваць у Радзе ЕЗ на ратацыйнай аснове з ліпеня па снежань 2024 года.

Мішэль 26 студзеня напісаў, што ягоны выбар «выклікаў пільную ўвагу медыяў і спекуляцыі» і «надзвычайную рэакцыю па-за межамі Еўрапейскай рады».

«Я не хачу, каб гэтае рашэнне адцягнула нас ад нашай місіі або падарвала гэтую інстытуцыю і наш еўрапейскі праект; каб яно было выкарыстанае нейкім чынам для падзелу Еўрапейскай рады, якая, я лічу, павінна нястомна працаваць на карысць еўрапейскага адзінства», – напісаў Мішэль.

Ён дадаў, што вітае любую палітычную крытыку і легітымныя аргументы, але «персанальныя атакі ўсё больш маюць месца замест фактычных аргументаў».

Што Мішэль будзе рабіць, калі скончыцца ягоны тэрмін у Еўрапейскай радзе, ён не паведаміў: напісаў, што як скончыцца мандат, паразважае. Пераемнік жа, адзначыў Мішэль, будзе выбраны перад першай пленарнай сесіяй новага складу Еўрапарламенту.

У звароце 26 студзеня Мішэль таксама казаў, што калі анансаваў балатаванне ў Еўрапарламент, даў Еўрапейскай радзе «дастаткова часу для падрыхтоўкі плаўнага інстытуцыйнага пераходу ў інтарэсах Еўропы пасля еўрапейскіх выбараў».

Хоць цяпер ён не згадваў імя прэм’ера Вугоршчыны, тры тыдні таму ён адказваў на крытыку свайго датэрміновага сыходу словамі: «Ёсць шмат інструментаў, калі ёсць палітычная воля пазбегнуць Віктара Орбана».

Hавiны
Еўрапарламент заклікаў пакараць Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны
2024.01.18 22:00

Вугоршчына ўсё больш скандальнымі метадамі падрывае адзінства Еўразвязу. Віктар Орбан на нядаўнім саміце пайшоў на адкрыты шантаж Бруселю сваім накладаннем вета на вылучэнне фінансавай дапамогі Украіне.

Еўрапарламент лічыць Вугоршчыну электаральнай аўтакратыяй. Вугоршчына за часоў кіравання Орбана часта канфліктуе з Еўразвязам (напрыклад, цяпер блакуе транш дапамогі Украіне памерам паўмільярда еўраў з прычыны трапляння вугорскага банку «OTP» у спіс тых, што вядзе бізнес з Расеяй). Орбана нямала крытыкавалі ў Еўразвязе за сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, а Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасць сустрэчаю з «чалавекам, адказным за ваенныя злачынствы ва Украіне» (улады Вугоршчыны не лічаць Пуціна злачынцам, пра тое ж кажа і Орбан).

Таксама Вугоршчына трымае сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі: сёлета прымала з візітам міністра замежных справаў.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў