Трэцяя лінія метро з’явіцца да 2017 года


Першы кавалак трэцяй лініі метро ў Менску пабудуюць да 2017 года. У перспектыве, да 2035 года, запланавана адкрыць чацвёртую лінію метро — яна злучыць папярэднія тры і дасць магчымасць пасажырам карыстацца метро толькі з адною перасадкаю.

Эксплуатавацца тры станцыі метро, што будуюцца ў працяг першай лініі, мусяць ўжо ў другім паўгоддзі 2012 года, а чацвёртую станцыю, “Малінаўка”, адкрыюць напрыканцы 2013 года – паведаміў начальнік дырэкцыі будаўніцтва метрапалітэну Павел Царун. Паводле ягоных словаў, вуліцаў на гэты час закрывацца не будуць.

У 2011 годзе плануецца набыць сучасны праходчы комплекс. “Будаўніцтва трэцяй лініі без гэтага комплексу немагчымае. Хуткасць будаўніцтва з выкарыстаннем гэтага механізаванага комплексу павялічыцца ў чатыры-пяць разоў, павялічыцца і дакладнасць будаўніцтва”, – сказаў Царун.

Першы ўчастак трэцяй лініі плануецца будаваць глыбока — лінія пройдзе пад Лошыцкаю воднаю сістэмаю, транспартавымі развязкамі, шчыльнаю жыллёваю забудовай і чыгуначнымі рэйкамі.

Як паведаміў дырэктар “Менскметрапраекту Валерый Чаканаў, на сучасных станцыях метрапалітэну выкарыстоўваецца мінімальная колькасць мастацкіх працаў, што памяншае выдаткі на будаўніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў